Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

АРХЕАЛОГІЯ

М. М. КРЫВАЛЬЦЭВІЧ

21.09.2010

АРХЕАЛОГІЯ (ад грэч. arhaios старажытны, старадаўні + logos слова, паняцце, вучэнне), навука, якая займаецца вывучэннем мінулага людзей праз адкрыццё, інтэрпрэтацыю матэрыяльных рэшткаў і інш. слядоў дзейнасці чалавека. Вылучаюць археалогію дагістарычную (першабытную) і протагістарычную (гістарычную). Дагістарычная археалогія займаецца даследаваннем эпох, у якія не было пісьменнасці, таму іх вывучэнне магчыма толькі на падставе археалагічных крыніц. Протагістарычная археалогія вывучае матэрыяльныя рэшткі тых перыядаў гісторыі чалавецтва, ад якіх захаваліся пісьмовыя звесткі. Існуюць падыходы, пры якіх дагістарычная археалогія і дагісторыя атаясамліваюцца і разглядаюцца ў якасці асобнай археалагічнай дысцыпліны. Паводле іншых меркаванняў, гэтыя 2 галіны ведаў неабходна раздзяляць: першая звязваецца з вывучэннем дагістарычнай матэрыяльнай культуры, другая - з комплекснай (хаця і заснаванай галоўным чынам на археалагічных крыніцах) рэканструкцыяй дагісторыі. У марксісцкім навуказнаўстве археалогія разглядаецца ў сістэме гістарычнай навукі - у рамках гісторыі першабытнага і сярэдневяковага грамадства, дзе ёй адводзіцца роля субдысцыпліны. Паводле амерыкана-брытанскай навуказнаўчай традыцыі, археалогію адносяць да адной з дысцыплін антрапалогіі (навукі пра чалавека), якая дзеліцца на фізічную і культурную (сацыяльную). Археалогія бачыцца як адзін з раздзелаў культурнай антрапалогіі. Тэрмін "археалогія" ўпершыню быў ужыты ў 5 ст. да н.э. антычным гісторыкам Фукідзідам у працы "Пелапанеская вайна". Самыя раннія сведчанні, у якіх адлюстроўваецца цікавасць да архаічных культур, адносяцца да перыяду 18-й дынастыі фараонаў Егіпта. Вядома, што ў 6 ст. да н.э. вавілонскі цар Набанід збіраў у сваім палацы калекцыю архаічных артэфактаў. Рымляне праяўлялі вялікую цікавасць да старажытна-грэчаскага мастацтва, але пошукі і зборы яго твораў часам ператвараліся ў рабаванне і знішчэнне помнікаў антычнага перыяду. У сярэдневяковы час старажытныя аб'екты звычайна разглядаліся як схованкі скарбаў, крыніца нажывы. Эпоха Адраджэння разам з цікавасцю да антычнасці прынесла разуменне таго, што старажытныя матэрыяльныя рэшткі могуць быць важнымі носьбітамі інфармацыі пра класічны перыяд гісторыі чалавецтва. У Італіі, а затым у многіх іншых краінах Еўропы становяцца папулярнымі антыкварныя калекцыі, якія складаюцца пераважна з твораў класічнага мастацтва, здабытых вельмі часта ў ходзе раскопвання старажытных пахаванняў, будынкаў. Сярод еўрапейскіх антыквараў, якія ўжо ў 17 ст. сталі аб'ядноўвацца ў таварыствы, расла цікавасць да сістэматызацыі знойдзеных старажытнасцей і ўстанаўлення іх храналогіі. Пры дварах манархаў, а таксама ў некаторых універсітэтах узнікаюць першыя музейныя зборы, якія складаюцца таксама і з археалагічных знаходак. У 18 ст. ў Вялікабрытаніі інтэнсіўна раскопваліся мясцовыя курганныя пахаванні, а каштоўныя рэчы траплялі ў калекцыі каралёў і багатых вяльмож. У 1710 пачынаюцца раскопкі ў Пампеях (Італія). Адну з першых фундаментальных і шырокавядомых навук. прац, у якой апісвалася і аналізавалася вялікая колькасць археалагічных матэрыялаў, напісаў у 1764 Ё.Вінкельман (1717-68). Археалогія як навуковая дысцыпліна развіваецца з сярэдзіны 19 ст., калі з'яўляюцца першыя працы па сістэматызацыі археалагічных знаходак, археалагічныя перыядызацыі, стратыграфіі пластоў і інш. У 1836 дацкі вучоны К.Томсен (1788-1865), прааналізаваўшы стыль, аздабленне і кантэкст, вылучыў у археалагічных зборах Нацыянальнага музея Копенгагена 3 асноўныя групы знаходак, якія паходзілі адпаведна з эпох каменю, бронзы і жалеза, стварыўшы тым самым аснову археалагічнай перыядызацыі, т.зв. сістэму трох вякоў. З пашырэннем у 2-й пал. 19 ст. эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна распаўсюджваецца тэорыя эвалюцыянізму, што істотна паўплывала, напр., на працэс адкрыцця і даследавання помнікаў палеаліту ў Францыі. Вучонымі Э.Лартэ і Г. дэ Мартылье на падставе канцэпцыі змен палеанталагічных і культурных комплексаў ствараецца перыядызацыя палеалітычных комплексаў. У 2-й пал. 19 ст. распрацоўваюцца агульнаеўрапейскія і рэгіянальныя сістэмы адноснай храналогіі і перыядызацыі культур. Вялікая роля ў гэтым накірунку даследаванняў належала П.Рэйнеке і О.Мантэліусу (1843- 1921). Апошні, выкарыстоўваючы параўнальна-тыпалагічны метад, у 1870-90-я г. стварыў перыядызацыю неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў для Паўночнай Еўропы на падставе тыпалогіі металічных вырабаў з закрытых комплексаў. У пач. 20 ст. з узрастаннем уплыву культурна-гістарычнай школы ў этналогіі вялікае значэнне набывае эвалюцыянісцкая тэорыя лінейнага і стадыяльнага развіцця культуры, дасягненні якой распаўсюджваліся ў працэсе дыфузій і міграцый. Нямецкі праф. Г. Касіна (1858- 1931), выкарыстоўваючы паняцце археалогія культуры, стварае т.зв. этнічны метад у археалогіі. Археалогія культуры правінцыі, паводле Г. Касіны, суадносяцца з пэўнымі народамі ці плямёнамі. Розніца альбо падабенства археалагічных культур адлюстроўвае розніцу альбо падабенства этнічных груп, якія іх стварылі. Абапіраючыся на этнічную тэорыю, вучоны становіцца прыхільнікам ідэі адвечных праў германцаў на еўрапейскай тэрыторыі і іх выключнага значэння ў гісторыі індаеўрапейскіх народаў, спрыяючы тым самым ідэалогіі расізму. З к. 19 - пач. 20 ст. да 1960-х г. культурна-археалагічны падыход, змяняючы свой змест, становіцца распаўсюджаным метадам археалагічнай навукі. У гэты перыяд у археалогіі асноўнае месца займаюць працы па класіфікацыі, сістэматызацыі, храналогіі артэфактаў і комплексаў, вылучэнні і апісанні археалагічных культур. Актыўна ўдасканальваюцца метады і спосабы правядзення археалагічных даследаванняў. Першапачаткова перавага аддавалася збору і пошукам асобных артэфактаў, аб'ектаў, пры раскопках улічвалася галоўным гарызантальная стратыграфія. З развіццём методыкі археолагі пачалі комплексна ацэньваць і выкарыстоўваць гарызантальную і вертыкальную стратыграфію, абапірацца на паквадратную методыку раскопак, ствараць палявую дакументацыю асобных аб'ектаў, помнікаў і інш. Далейшы рух наперад пераконваў у неабходнасці раскопак шырокімі плошчамі, дакладнага і дасканалага даследавання стратыграфіі, дакументавання раскопак у трохмернай праекцыі з выкарыстаннем спец. тэхнічных прыстасаванняў і г.д. Каталізатарам істотных змен у развіцці еўрапейскай археалагічнай навукі становяцца працы англійскага археолага Г. Чайлда (1892-1957), які, даследуючы працэс развіцця культур неаліту і эпохі бронзы ў Еўропе, не абмяжоўваўся фіксацыяй культурных змен, храналогіяй, перыядызацыяй і карэляцыяй культур. Г. Чайлд бачыў шлях развіцця еўрапейскіх культур малазалежным ад цывілізацыйных цэнтраў, найперш ад старажытных культур Блізкага Усходу. Археалагічная культура, паводле яго пераканання, павінна быць крыніцай для рэканструкцыі гаспадарчых, сацыяльных, палітычных і інш. бакоў жыцця яе носьбітаў. Крытыку канцэпцый дыфузіянізму і культ.-гіст. падыходу ў сваіх працах працягваў Г.Кларк, які сцвярджаў, што мэтай археалогіі павінны быць даследаванні ладу жыцця людзей мінулага, эканамічная, сацыяльная і палітычная структуры грамадства, якія звязаны ў адну функцыянальную сістэму і існуюць у цеснай сувязі з навакольным асяроддзем. Ён і некаторыя іншыя археолагі пачынаючы з 1940-х г. скіроўваюцца на інтэрдысцыплінарныя даследаванні, у т.л. з выкарыстаннем дасягненняў прыродазнаўчых навук. 1960-я г. - пераломныя ў гісторыі археалогіі. Разгортваюцца дыскусіі па тэарэтычных асновах археалагічнай навукі, галоўная месца ў якіх займаюць спрэчкі вакол праблем інтэрпрэтацыі ў археалогіі. У брытана-амерыканскай археалогіі ўзнікае новы напрамак - т.зв. новая (працэсуальная) археалогія. Маладое пакаленне археолагаў (Л.Бінфард, Д.Кларк і інш.) імкнецца сцвердзіць новыя тэарэтычныя асновы археалагічнай навукі: археалагічнае даследаванне не павінна абмяжоўвацца толькі апісаннем, класіфікацыяй і тыпалогіяй артэфактаў, рэканструкцыяй ладу жыцця мінулых пакаленняў, археолаг павінен імкнуцца вызначыць і растлумачыць сутнасць тых ці інш. змен; культура павінна разглядацца праз прызму сістэмнага падыходу, пры гэтым неабходна улічваць узаемадзеянне ў ёй розных падсістэм (сацыяльнай, ідэалагічнай, дэмаграфічнай, тэхналагічнай і інш.); тлумачыць развіццё неабходна праз унутраныя змены самой сістэмы, якія адбываліся паводле эканамічных, дэмаграфічных, экалагічных і інш. прычын, не пакідаць па-за ўвагай помнікі, якія лічыліся раней малавыразнымі і неістотнымі, разглядаць іх на шырокім фоне і ў кантэксце сістэмных змен; пры раскопках важна выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы здабывання інфармацыі, у т.д. метады дакладных навук, элементы тэорыі інфармацыі, статыстычныя метады і г.д. З'яўленне "новай археалогіі" стымулявала дыскусіі па методыка-метадалагічных асновах археалагічнай навукі. Тэарэтычным спрэчкам спрыялі новыя тэндэнцыі ў філасофска-гуманістычным развіцці навуказнаўства, у прыватнасці распрацоўка ідэй постструктуралізму, неамарксізму, герменеўтыкі і інш., што прывяло да з'яўлення ў 1990-я г. т.зв. постпрацэсуальнай (кантэкстуальнай, інтэрпрэтацыйнай) археалогіі. Новы накірунак стваралі брытана-амерыканскія археолагі Я.Ходэр, М.Шанкс, Х.Тылей і іх прыхільнікі. "Постпрацэсуалісты" падкрэсліваюць сацыяльную значымасць археалагічных даследаванняў; робяць акцэнт на непаўторны характар кожнай культуры, супольнасці, асобы, што вымушае шукаць у кожным выпадку індывідуальныя метады "вычытвання" адмысловага кантэксту; не можа быць слушнай толькі адна інтэрпрэтацыя - адзін і той жа факт можа мець у залежнасці ад кантэксту шмат розных інтэрпрэтацый. Прыхільнікі постпрацэсуалізму шмат увагі надаюць даследаванням ролі палоў у далёкім мінулым, а таксама спосабаў мыслення, сістэм вераванняў і паводзін старажытных людзей (кагнітыўна-працэсуальны накірунак археалогіі.), вытлумачэння іх знакавых сістэм, у т.л. праз сувязь з існуючымі культ, традыцыямі. У сяр. 1970-х г. актыўна заяўляе пра сябе феміністычная археалогія. Увага звяртаецца на ролю палоў у стварэнні культуры і на адносіны, якія складваліся паміж паламі ў старажытнасці (т.зв. гендэрныя даследаванні). На падставе археалагічнаг матэрыялу палавыя ўзаемадачыненні разглядаюцца ў сацыяльных і культ, катэгорыях. У сучаснай археалогія. назіраецца пэўная спецыялізацыя і дыферэнцыяцыя ў залежнасці ад структурных катэгорый, якія выходзяць на першы план: 1) паводле эпох і перыядаў, гісторыка-культурных комплексаў адпаведнага храналагічнага этапу (археалогія каменнага веку, неаліту, эпохі бронзы, сярэдневяковая, антычная, біблейская археалогія і т.д.); 2) паводле вылучаных этнічных груп і народаў (археалогія славян, балтаў і т.д.); 3) паводле гісторыка-геаграфічнага і дзярж.-адміністрацыйнага падзелу (археалогія Месапатаміі, Расіі, Падняпроўя, Прыбалтыкі, Міжземнамор'я і т.д.); 4) паводле спецыялізацыі навукоўцаў і спосабаў здабывання археалагічных ведаў (падводная, эксперыментальная, выратавальная, "мокрая", паветраная, геаграфічная, археалогія навакольнага асяроддзя, этнаархеалогія і інш.). У залежнасці ад прыхільнасці археолага да адпаведнай сферы археалагічнай дзейнасці ён можа лічыцца спецыялістам у палявой альбо тэарэтычнай, музейнай альбо універсітэцкай (акадэмічнай) археалогіі. Асноўныя і зыходныя паняцці археалогіі - археалагічная крыніца (рэчавы аб'ект або сукупнасць аб'ектаў, якія з'яўляюцца патэнцыяльнай крыніцай інфармацыі пра гістарычнае мінулае) і археалагічны помнік (артэфакты і адклады, якія звязаны ў адно цэлае). Інфармацыя пра мінулае не захоўваецца ў гатовым выглядзе ў археалагічных крыніцах і помніках, яна здабываецца ў працэсе спецыяльнага іх вывучэння. Археалагічныя крыніцы дзеляцца на рухомыя і нерухомыя, з іншага боку, сярод іх вылучаюцца таксама такія катэгорыі, як артэфакты, аб'екты і экафакты. Археалагічныя помнікі ў залежнасці ад функцый, якія належалі ім у мінулым, падзяляюцца на паселішчы, абарончыя збудаванні, месцы здабычы і апрацоўкі сыравіны, культавыя месцы, пахаванні і могільнікі, рэшткі сельскагаспадарчай і інш. вытворчасці, дарогі і інш. абменныя шляхі і камунікацыі (іх сляды), скарбы і інш. Працэс археалагічнага даследавання ўключае ў сябе 3 гал. працэдуры: 1) збор і здабычу археалагічных матэрыялаў і дадзеных; 2) іх апрацоўку і папярэдні аналіз (класіфікацыя, сістэматызацыя, правядзенне спец. аналізаў і інш.); 3) інтэрпрэтацыю. На 1-й стадыі праводзяцца археалагічныя раскопкі і разведка якія ўваходзяць у сферу палявой археалогіі. Палявыя археалагічныя даследаванні ўключаюць: правядзенне раскопак, закладку шурфаў і свідравін у залежнасці ад катэгорый і тыпаў археалагічных помнікаў, на якіх вядуцца работы; візуальнае вывучэнне і паверхневыя зборы; аэра- і спадарожнікавую фотаздымку; фіксацыю і ідэнтыфікацыю помнікаў з выкарыстаннем геафізічных метадаў; падводную фіксацыю; даследаванні з выкарыстаннем геаграфічных інфармацыйных сістэм (GIS - Geographic Information Systems) і інш. Археолагі прымяняюць метады стратыграфіі, планіграфіі, кансервацыі і інш. На 2-м этапе археалагічных даследаванняў здзяйсняюцца статыстычная апрацоўка, сістэматызацыя, класіфікацыя дадзеных, тэхналагічны, стылістычны аналіз матэрыялаў, вызначаецца храналогія, робіцца культ., функцыянальная і інш. ідэнтыфікайыя, выконваецца эксперыментальнае мадэліраванне і г.д. Праведзенае вывучэнне археалагічнага матэрыялу, "вычытванне" археалагічнага кантэксту служыць асновай для інтэрпрэтацыі атрыманых дадзеных. Пры інтэрпрэтацыі даследчык павінен імкнуцца зразумець не толькі тое, як адбываліся тыя ці іншыя змены, але і чаму яны адбываліся. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net" Літаратура: • Гарден Ж.-К. Теоретическая археология. М., 1983; • Клейн Л.С. Археологическая типология. Ленинград, 1991; • Мартынов А.И., Шер Я.А. Методы археологического исследования. М., 2002; Renfrew C., Bahn P. Archaeology. Theories, methods and practice. London, 1996; • Hodder I. Theory and Practice in Archaeology. London; New York, 1996; • Ławecka D. Wstęp do archeologii. Warszawa; Kraków, 2003. http://jivebelarus.net/for-pupils-and-students/archaeology-of-belarus-encyclopedia/letter-a/archeology.html

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz