АВЕЧЭЧКА.
(гульня)
Да гэтай гульні лічба асоб не агранічэна. Выбіраецца дзьве глаўные асобы: пастух і воўк.
Пастух становіцца пасярод хаты с качаргой у руках, каля яго кругом садзяцца на зямлі авечкі - хлопцы і дзеўчаты, а воўк хаваецца за дзьвярмі.
Пастух гаворыць:
Пасу, пасу авечэчкі
Ад раня да вечэра,
Воўк за гарой, а я за другой,
- Я воўка не баюся: Качарэжкай абаранюся,
Пайду да бабы і буду спаць.
Тут пастух адыходзіць на старану і удае сьпячаго; воўк падкрадываецца, хватае адну з авечэк і уцекае разам з ёй за дзьверы.
Пастух, усхапіўшыся, крычыць: “Ага ту! воўк авечку панёс!” але воўк ужо з авечкай за дзьвярмі.
Пасьля гэтаго пастух ізноў выходзіць на сярэдзіну хаты і гаворыць тые самые словы: “Пасу, пасу авечэчкі” і т. д. і ідзе спаць; воўк ізноў хватае авечку і так аж пакуль не забярэ астатняй.
Тады пастух ідзе шукаць авечэк і, стукаючы качаргой то на адзін бок, то на другі, гаворыць: воўчы сьлед, авечы сьлед, воўчы сьлед авечы сьлед”.
Падходзіць да ваўка і пытае: “Ці ня відзеў панок маіх авечэк?”
- “Не, ня відзеў!” адказывае той. (Авечкі пачынаюць шумець)
- “А што-ж гэта у цябе шуміць?”
-”Пчолы”, - кажэ воўк.
Пастух варочаецца назад і ідзе ізноў шукаць авечэк і задае воўку тые самые пытаньня. Авечкі цяпер стукаюць.
Пастух пытае: “што у цябе стукае?” - Воўк кажэ: “мае парабкі дровы сякуць”.
І так далей авечкі удаюць галасы коней, курэй, гусей, аж наастатак пачынаюць блеяць.
Пастух убегае ў тую каморку і прыказываючы: “Ашкіра дамоў!” уганяе іх у хату, дзе на самым пачатку гулялі.
Пасьля гэтаго пастух клічэ воўка у лазьню.
Воўк пытае: “а якіе дровы?”
- “Бярозавые.”
- “Не хачу, надта чадзяць!”
Пастух клічэ другі раз; воўк ізноў пытаецца, якіе дровы. “Асінавые”.
Воўк адказываецца, што надта дымяць. Ажно за трэйцім ужо разам, калі пастух кажэ, што дровы хваёвые, - воўк згаджаецца; але падыйшоўшы крыху, пытаецца яшчэ: “А сабак німа?”
- “Адна ёсць сучка ліхая, і тая пад печчу здыхае, а сабака кісялём удавіўся”.
Воўк ужо выходзіць на сярэдзіну хаты і, сеўшы на цыпачкі, бытцам мыецца; але пастух як крыкне: “цюцькі, кусіце!” - дык усе тые, што былі авечкамі, кідаюцца на яго; воўк уцекае, яны даганяюць і, злавіўшы, тузаюць яго з усіх бакоў.
Пасьля ўжо падходзіць да воўка пастух і пытаецца: “Ашто, воўчэ: крэпка яны цябе пакусалі?”
- “Ой пакусалі!” кажэ той:
- “Хадзі-ж цяпер будзем мы іх кусаць” - і кідаюцца у двох на авечэк.
Тые разбегаюцца у ваўсе староны.
Пад гарою пад крутою,
Ай, рана на Йвана!*
Там жа сядзеў брат з сястрою.
І сядзелі гаварылі:
- Пойдзем брацец, дарогаю,
Дарогаю шырокаю.
Там устрэцім Купалачку,
Будзем жа з ёй гаварыці:
- Купалачка, укажы ж ты нам,
І якой жа нам пуцёй ісці.
- Во ідзіце дарогаю,
А сядзіце вы пад кусточкам,
'Бярнецеся вы травою,
І травою ды брат з сястрою.
У брацейкі сіні цвет,
Да сястрыцы, ой, жоўты цвет.
Пойдуць жонкі траву рваці,
Брата з сястрою ўспамінаці:
- А дзе тая во травіца,
Што брацейка із сястрыцай. *
-паўтараецца пасля кожнага радка
А сягодня у нас купалейка, Каліна.*
Ой, купаліся тры сястрыцы.
Пакупаўшыся, на бераг выйшлі.
На бераг выйшлі, гаварылі:
- А мы жылі, як лябёдачкі,
Раскаціліся, як ягодачкі.
Кароўкі нашы разведзеныя,
Куфэркі нашы развезеныя,
А мы, сястрыцы, разабраныя.
А сягоння ў нас купаллейка,
Ой, купаліся тры ятровачкі.
Пакупаўшыся, на бераг выйшлі,
На бераг выйшлі, гаварылі:
- А мы жілі, як ягадачкі,
А сышліся, як лябедачкі,
Кароўкі нашы ўсе звядзеныя,
Куфэркі нашы ўсе звезеныя,
Мы, ятровачкі, ўсе сабраныя.
(Беларуская міталогія)