Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

ГЕРАЛЬДЫКА БЕЛАРУСІ

Старажытная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

 

 

Герб «Пагоня» з надмагільнай пліты Ягайлы

Пячатка віленскага цэху хірургаў 1552 год

Інтэнсіўнае разьвіцьцё геральдыкі ў Вялікім княстве Літоўскім пачалося пасьля заключэньня Гарадзельскай уніі (1413). Паводле яе ўмоваў 47 найбольш знатных родаў ВКЛ атрымалі гербы.

Беларускі герб упершыню апісаны ў працы Яна Длугаша «Insigniarum descripcio» (1464–1480). У 16–17 стагодзьдзях былі пашыраныя эпіграмы, урачыстыя вершы, прысьвечаныя гербам знатных асобаў і гарадоў (аўтары Андрэй Рымша, Лявон Мамоніч і іншыя).

У 17 стагодзьдзі складзены «Гербоўнік рыцарства ВКЛ» Альбэртам Войцэхем Каяловічам, аднак у ім зьмешчаная толькі невялікая частка гербаў шляхты ВКЛ.

У гэты ж час распаўсюдзілася гарадзкая геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

Пра распаўсюджваньне гербаў ваяводзтваў, гарадоў, цэхаў распавядае польскі гісторык Каспар Несецкі ў працы «Herbarz polski». У першым томе гэтага грунтоўнага выданьня зьмешчаныя гербы ВКЛ, ваяводзтваў Рэчы Паспалітай.

У кароткай даведцы пра кожнае ваяводзтва прыводзіцца дата яго ўтварэньня, называюцца гарады, што ўваходзілі ў яго склад, адзначаецца роля ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай, пералічаны ваяводы.

Даецца таксама апісаньне герба і яго выява. Пра гербы ваяводзтваў з адзначэньнем герба цэнтральнага горада гаворыцца ў выданьні Барташа Папроцкага «Аб клейнотах усіх дзяржаў альбо ваяводстваў, што належаць Каралеўству Польскаму і Вялікаму княству Літоўскаму».

Акрамя таго, там коратка даюцца зьвесткі пра «Пагоню» як дзяржаўны герб ВКЛ (Навагародак, Віцебск, Мсьціслаў і Менск мелі сваім гербам «Пагоню», а Драгічын быў цэнтрам Падляскага ваяводзтва, гербам якога была «Пагоня» ў белым полі).

Геральдыкі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі

Пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, з канца 18 стагодзьдзя беларускай геральдыкай займалася Гербавае аддзяленьне Расейскага сэната.

Прыкладаліся намаганьні для зьнішчэньня беларускай гістарычнай геральдыкі шляхам наданьня новых і замены ранейшых гербаў.

Расейская геральдыка пачала разьвівацца толькі ў другой палове 16 стагодзьдзя. У 1672 годзе быў складзены «Титулярник» — рукапіс з партрэтамі ўсіх вялікіх князёў і цароў і з выявамі гербаў 33 зямель, што ўваходзілі ў тытул рускага цара.

Афіцыйная рэглямэнтацыя рускіх гербаў пачалася пры Пятры I, калі была заснаваная Герольдыя, якая займалася састаўленьнем родавых і тэрытарыяльных гербаў.

У другой чвэрці 18 стагодзьдзя асноўная ўвага зьвярталася на гербы дваранства.

Аднак пачалася праца і над гарадзкімі гербамі, што было вызначана спэцыяльным загадам Сэната 1723 году аб стварэньні гербавых пячатак ва ўсіх гарадах Расеі для мясцовых судовых установаў.

Але расейская геральдыка была слаба разьвітая, бо на працягу некалькіх стагодзьдзяў прадстаўнікі «вышэйшых сфэраў» Княства Маскоўскага, што знаходзіліся пад татарскай няволяй, вымушаныя былі прымаць татарскія тамгі як свае гербы.

У 1890-я гады стагодзьдзя зьявіліся новыя выданьні па расейскай геральдыцы — два даведачныя дапаможнікі Вінклера, дзе падаюцца здымкі гербаў некаторых дваранскіх родаў і кароткае іх апісаньне, гістарычны нарыс расейскай геральдыкі і атляс гербаў гарадоў, губэрняў, вобласьцяў, афіцыйна зацьверджаных да 1900 году.

 У 1910-я гады друкуюцца публікацыі Любімава ў часопісах «Русский архив» і «Гербовед».

Значныя працы ў галіне геральдыкі ў пачатку другога дзесяцігодзьдзя 20 стагодзьдзя належаць Лукомскаму.

Савецкая гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

У савецкі пэрыяд геральдыка ўспрымалася як ненадзейная ў ідэалягічных адносінах дысцыпліна.

Бібліяграфічныя працы ў галіне гербазнаўства доўгі час не вяліся. Толькі ў 1970-я гады пачалі актыўна выкарыстоўваць прапагандысцкія магчымасьці сымболікі.

Гэта выклікала рост ліку прац аб савецкіх гербах, якія абагуліў паказальнік «Наш герб и флаг».

Прынцыпы адбору матэрыялу былі празьмерна ідэалягізаваныя. Навуковыя працы складалі толькі невялікую частку матэрыялу, затое ў вялікай колькасьці прысутнічалі прамовы Леніна і Брэжнева, артыкулы Маркса, вершы савецкіх паэтаў.

 Тым ня менш гэта была першая спроба бібліяграфічнага ўліку савецкай геральдыкі.

Вывучэньне геральдыкі, хоць і зь вялікімі тэматычнымі ды і іншымі абмежаваньнямі, працягвалася. Собалева склала разьдзел па геральдыцы і сфрагістыцы ў паказальніку «Библиография трудов по отечественному источниковедению и специальным историческим дисциплинам, изданных в XVIII ст.».

У 1968 годзе выйшла кніга Кісялёва і Сперансава «Эмблемы мира и труда (государственные гербы и флаги Советского Союза и союзных республик)».

 Сучасная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

 

Герб «Пагоня»

На рубяжы 1980-х – 1990-х гадоў у Беларусі пачынае актыўна разьвівацца геральдычная бібліяграфія. Узнавіліся спробы рэтраспэктыўнага і бягучага ўліку, павысіліся патрабаваньні да паўнаты даведнікаў.

Пашырылася кола выданьняў, што публікуюць працы па геральдыцы.

У сувязі з зацьвярджэньнем у 1990 годзе ў якасьці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь старажытнага сымбаля «Пагоня», назіраецца новы ўздым у вывучэньні гэтага і іншых старажытных сымбаляў, зьяўляецца шмат вялікіх і цікавых прац.

Заслугоўвае ўвагі праца Анатоля Цітова «Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі», дзе робіцца спроба прасачыць гісторыю герба «Пагоня» ад вытокаў да сёньняшняга дню.

Прыводзяцца ўзоры пячатак і іншых іканаграфічных матэрыялаў, на якіх прадстаўлены герб «Пагоня».

Аўтар зазначае, што на працэс узьнікненьня герба паўплываў шэраг фактараў, але кожны зь іх паасобку ня быў вырашальным.

Спалучэньні іх у гістарычным і этнічным кантэксьце і стала прычынай замацаваньня і ідэнтыфікацыі герба «Пагоня» менавіта зь беларускімі землямі.

Праблемы гісторыі і значэньня сымбалю «Пагоня» разглядаецца ў працах Вітаўта Чаропкі «Пагоня — Бог, Радзіма, Народ» і «Сімвалы роднага краю», Усевалада Юргенсона «Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі».

Падрабязна пачынае вывучацца гарадзкая геральдыка. Яе стан у канцы 18 стагодзьдзя асьвечаны ў артыкуле Сяргея Расадзіна «„Галантный век“ городской геральдики Беларуси».

Праблемам сучаснай гарадзкой геральдыкі прысвечана праца Сяргея Расадзіна і Рыгора Жаўняркевіча — «Новое в городской символике Беларуси».

Буйнейшай працай пакуль застаецца дасьледаваньне геральдыкі Анатоля Цітова «Геральдыка беларускіх местаў».

Вельмі цікавай зьяўляецца праца Сяргея Расадзіна і Аляксандра Міхальчанкі «Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі», дзе зьмешчаны выявы, апісаньні, а таксама падаецца гісторыя стварэньня гербаў гарадоў і раёнаў Беларусі.

У 21 стагодзьдзі пачалося актыўнае вяртаньне і наданьне новых гербаў беларускім гарадам.

Так толькі ў 2006 годзе былі зацьверджаныя гербы і сьцягі гарадоў Масты, Ашмяны, Шчучын, мястэчкаў Вялікая Берастовіца, Воранава і Гальшаны, а таксама сьцяг Гародні.

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz