АРЭСА
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Рака Арэса каля места Любань
АРЭСА, РАСА — рака ў Менскай і Гомельскай абласьцях Беларусі, правы прыток ракі Пціч (басэйн Дняпра). Даўжыня 128 км.
Плошча вадазбору 3620 км². Сярэднярочны расход вады ў вусьці 16,7 м³/с. Агульнае падзеньне ракі 32,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,26 ‰.
Асноўныя прытокі
• Праваруч: Асьвіца, канава Дабрынка, Таліца.
• Леваруч: Солан, Нешчанка, магістральны канал Чабускі, магістральны канал Слаўкавіцка-Ямінскі.
На рацэ
• Месты: Любань.
• Зоны адпачынку: Арэса.
Агульныя зьвесткі
Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Ляўкі Старадароскага раёну, цячэ ў Любанскім і Акцябарскім раёнах па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, нізкая плынь ў Прыпяцкім Палесьсі.
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Абалона пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэсьсе яе шырыня 0,1—1 км.
Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго ад 5—10 м у вярхоўі да 30—35 м у нізкай плыні.
Сустракаюцца невялікія, затапляльныя пясковыя выспы. Жыўленьне ракі мяшанае, пераважна сьнегавое.
Рэльеф вадазбору у паўночнай частцы слабаўзгорысты ў спалучэньні з раўнінным, на поўдні — плоскі.
Веснавое разводзьдзе пачынаецца ў 2-й дэкадзе сакавіка і доўжыцца 40—80 дзён, затапляе вялікія прасторы, у тым ліку асушаных балатоў.
Максымальны расход вады каля вёскі Андрэеўка (за 12 км ад вусьця) адзначаны ў 1931 — 301 м³/с, найменшы — у 1927 каля вёскі Андрэеўка (2,14 м³/с).
Летне-восеньская межань доўжыцца каля 5 месяцаў. Рака замярзае ў 2-й палове сьнежня, крыгалом — у 2-й дэкадзе сакавіка.
У высокай плыні, за 7 км на поўнач ад места Любань, створаная Любанскае вадасховішча, якое ўваходзіць у Арэскую мэліярацыйную сыстэму і істотна ўплывае на гідралягічны рэжым Арэсы, бо затрымлівае веснавыя воды (65 млн м³).
На шэрагу асушальных каналаў усталяваныя шлюзы-рэгулятары. Лясы мяшаныя, значна забалочаныя. Пераважаюць іглічныя пароды.
Сярод балатоў левабярэжжа сустракаюцца азёры, найвялікшае зь іх — возера Вячэра.
Рэжым ракі вывучаўся на 5 пастах, адзін зь іх – ля в. Андрэеўска дзейнічае і ў цяперашні час.[1]
Рака атрымала шырокую вядомасьць пасьля апублікаваньня паэмы Янкі Купалы «Над ракой Арэсай».
Крыніцы
1. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
Літаратура
• Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
• Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. — Л., 1971.
• Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
• Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135с.
Крыніца: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D1%80%D1%8D%D1%81%D0%B0



