ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫ СТЫЛЬ
З пляцоўкі Вікіпедыя.
ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫ СТЫЛЬ - сістэма моўных сродкаў, прызначаная для абслугоўвання шырокай сферы грамадскіх зносін: палітыка-ідэалагічную, грамадска-эканамічную, культурную, спартыўную і г.д.
Публіцыстычны стыль рэалізуецца ў пісьмовай і вуснай формах, якія цесна ўзаемадзейнічаюць і збліжаюцця (на радыё дыктары чытаюць надрукаваны тэкст).
Асноўныя функцыі гэтага стылю - паведамленне і ўздзеянне.
Падстылі
1. Газетна-публіцыстычны стыль;
2. Агітацыйны;
3. Масава-палітычны;
4. Палітыка-ідэалагічны.
У газетна-публіцыстычным падстылі ўздзеянне, перакананне выступаюць як галоўная функцыя мовы, прычым уздзеянне мае канцэнтраваны, падкрэслена агітацыйны характар.
Таму выкарыстанне моўных сродкаў у газеце вызначаецца ў значнай меры іх сацыяльна-ацэначнымі якасцямі і магчымасцямі з пункту гледжання эфектыўнага ўздзеяння на масавую аўдыторыю.
Асноўныя рысы
1. Эканомія моўных сродкаў, лаканічнасць выкладання пры інфарматыўнай насычанасці.
2. Адбор моўных сродкаў з устаноўкай на іх даходлівасць. Асновай лексікі з'яўляецца нейтральная і кніжная. Значную яе частку складае грамадска-палітычная, а таксама разнастайныя тэрміны, якія часта пераасэнсоўваюцца для патрэб публіцыстыкі (манеўры дыпламатыі, сяброўская атмасфера).
3. Выкарыстанне моўных стэрэатыпаў, клішэ. Гэта спрыяе эканоміі намаганняў і часу, з'яўляецца палёгкай для камунікацыі. Аднак іншы раз клішэ пераўтвараюцца ў штампы і губляюць сваю першапачатковую вобразнасць (працаўнікі палёў, людзі ў белых халатах, белае золата).
Асноўнай прычынай пераўтварэння сродкаў у клішэ з'яўляецца стандартызацыя, частая паўтараемасць вобразнага сродку з-за недастатковай маўленчай культуры журналістаў (пастаянная прапіска).
4. Жанравая разнастайнасць і звязаная з гэтым разнастайнасць стылістычнага выкарыстання моўных сродкаў: мнагазначнасці слова, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, рэсурсаў словаўтварэння (аўтарскія неалагізмы).
5. Сумяшчэнне рыс публіцыстычнага стылю з рысамі іншых стыляў (навуковым, афіцыйна-дзелавым, мастацкім, размоўным).
6. Выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў мовы, у прыватнасці сродкаў стылістычнага сінтаксісу (рытарычнае пытанне, паралелізм будовы, паўторы, інерсія).
Шырокае ўжыванне ў ім ацэначных слоў, прыказак, прымавак, афарызмаў. Паколькі публіцыстычнае маўленне звернута да шматлікай аўдыторыяй, яно павінна быць правільным, у ім не павінна быць дыялектызмаў, вузкаспецыяльных тэрмінаў, вялікай колькасці запазычаных слоў.
Марфалогія
Марфалогія публіцыстычнага стылю не дае яркіх узораў стылістычнай замацаванасці. У ім шырока выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, іншамоўныя суфіксы.
Прыватнай асаблівасцю публіцыстычнага стылю з'яўляецца выкарыстанне назоўнікаў у форме множнага ліку, якія не абазначаюць колькасць: пошукі, перагаворы, улады, часта выкарыстоўваюцца інфінітывы, дзеясловы загаднага ладу.
Сінтаксіс
У асноўным кніжны, са складанымі разгорнутымі канструкцыямі, іншы раз выкарыстоўваюцца элементы размоўнага сінтаксісу - эліпсіс - бездзеяслоўныя фразы: Наш дэвіз - якасць.
Часта сустракаюцца намінатыўныя сказы, далучальныя канструкцыі, парцэляцыя, якая заключаецца ў чляненні сказаў, пры якой змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў другой ці некалькіх інтанацыйна-сэнсавых маўленчых адзінках, размешчаных адна за другой пасля паўзы: Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя.
Гл. таксама
• Стыль
• Стылістыка
• Літаратурная мова
Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D1%83%D0%B1%D0%BB%D1%96%D1%86%D1%8B%D1%81%D1%82%D1%8B%D1%87%D0%BD%D1%8B_%D1%81%D1%82%D1%8B%D0%BB%D1%8C