Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ МІКРАТАПОНІМЫ

Л.У. ДУЧЫЦ 21.09.2010

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ МІКРАТАПОНІМЫ, народныя назвы помнікаў археалогіі, элементы этнакультурнага ландшафту, якія адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні старажытных людзей. Амаль пра кожнае гарадзішча і курганны могільнік існуюць паданні, часам у некалькіх варыянтах, якія тлумачаць іх спецыфічныя назвы. Сярод назваў гарадзішчаў шырока распаўсюджаны Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, Замак, Ахоп, Батарэя, Татарская гара, Французская тара. З язычніцкімі вераваннямі звязаны назвы Капішча, Акураўшчына, Акунь-Гара, Дымакуры, Ігрышча, Гуслішча, Дзявочая Гара. Вядомы назвы, звязаныя з рэальнымі гістарычнымі персанажамі: Гара Рагвалода і Рагнеды (в. Перавоз Расонскага р-на), Гара князя Багуміла (в. Качановічы Нясвіжскага р-на), Замак каралевы Боны (гарады Мядзел, Рагачоў) і інш. Для курганных могільнікаў найбольш характэрны назвы Валатоўкі, Капцы, Курганы. Часам яны маюць яшчэ і дублетныя назвы: Татарскія магілы, Шведскія магілы, Французскія магілы, Французскія валатоўкі. Асобнай назвай звычайна вылучаюцца вялікія насыпы (Волатава магіла, Княжая магіла, Дзявіч-Гара), а таксама адзіночныя курганы (Асілкава магіла, Магіла Міндоўга, Магіла Войшалка). Адметныя назвы маюць курганна-жальнічныя могільнікі (Галодныя магілы, Галоднік), каменныя магілы (Баярскія могілкі, Паганскія магілы, Яцвяжскія магілы), жальнікі (Халернік, Аўстрыйскія магілы, Жалі). Захаваліся назвы месц старых могільнікаў - Кладавішча, Паганскі цвінтар, Чумныя могілкі, Мёртвае Поле; паселішчаў - Сяльцо, Гарадшчызна, Бабулін Бугор. Народныя назвы характэрны і для культавых камянёў - Божы камень, Чортаў камень, Волат, Пярун, Быкі, Кравец, Шавец; каменных крыжоў - Крыж-Баба, Кацярынінскі крыж, Каралеўскі камень, Растучы крыж. Сувязь пэўных тапонімаў з наяўнасцю археалагічных аб'ектаў улічваецца пры правядзенні археалагічнай разведкі. Літаратура: • Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст. Мінск, 1984; • Дучыц Л.У. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск, 1993; • Яе ж. Да пытання аб вялікіх курганах Беларусі // ГАЗ. Мінск, 2000. № 15; • Яе ж. Этнаграфія і міфалогія курганоў Беларусі/Там жа. Мінск, 2006. № 21; • Лобач У.А. Курганы і гарадзішчы ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў // Вестн. Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. 2007. №7. http://jivebelarus.net/for-pupils-and-students/archaeology-of-belarus-encyclopedia/letter-a/archaeological-toponims.html

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz