Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

ПРА ЧЫСЦІНЮ БЕЛАРУСКАГА ГЕНАФОНДУ

 

 Што ўяўляла Беларусь на працягу стагоддзяў? Край балот i лясоў, дзе чалавеку ўвесь час даводзiлася адваёўваць у прыроды тэрыторыю для жыцця. Але гэтыя ж жорсткiя ўмовы iснавання спрыялi захаванню нашай беларускай адметнасцi. Прыродная iзаляванасць нашай тэрыторыi паспрыяла таму, што беларускi этнас захаваўся ў чысцейшым выглядзе з даўнiх часоў. Даследаваннi, якiя на працягу некалькiх дзесяцiгоддзяў праводзiць доктар бiялагiчных навук, вядучы навуковы супрацоўнiк аддзела антрапалогii i экалогii Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Аляксей Мiкулiч, паказваюць, што карэнныя жыхары беларускiх вёсак вядуць свой радавод цягам не меней як 130—140 пакаленняў, гэта значыць пачынаючы прыкладна з cярэдзiны першага тысячагоддзя перад Нараджэннем Хрыстовым. Вучоны ездзiў па вёсках Беларусi i па сумежных тэрыторыях у Расii, Лiтве, Украiне. У экспедыцыях даследавалiся групы крывi, а таксама фiзiялагiчныя асаблiвасцi беларусаў. Прынамсi, антрапалагiчныя прыкметы i генетычныя сiстэмы для параўнаўчага аналiзу выбiралiся такiя, што перадаюцца з роду ў род у чыстым выглядзе. Гэтаму крытэрыю адпавядаюць такiя морфафiзiялагiчныя асаблiвасцi, як зрокавае колераўспрыманне, афарбоўка вясёлкавай абалонкi, колер валасоў, смакавая адчувальнасць да фенiлтыакарбамiду (рэчыва, якое ўваходзiць у склад звычайнай гумкi; па методыцы выяўлення мiнiмальнай парогавай канцэнтрацыi фенiлтыакарбамiду, пры якой чалавек адчувае гаркату, можна вызначаць расавыя i этнiчныя асаблiвасцi). Адкрыццi, зробленыя вучоным на падставе вялiкай колькасцi антрапагенетычных i генадэмаграфiчных матэрыялаў, здзiўляюць. Здавалася б, суседзi павiнны былi моцна паўплываць на нашу тэрыторыю, напрыклад, калi Беларусь уваходзiла ў склад Рэчы Паспалiтай i Маскоўскай iмперыi. А колькi войнаў пракацiлася праз Беларусь! Але дзякуючы вясковаму насельнiцтву наш народ здолеў захаваць на генетычным узроўнi свае адметнасцi. Вёска была своеасаблiвай скарбонкай спадчыннай iнфармацыi. Людзi трымалiся сваёй тэрыторыi, i як правiла, для прадаўжэння роду выбiралi сабе партнёраў з мясцовых жыхароў. Антраполаг вывучаў генафонд жыхароў пэўных вёсак, пасля яднаў звесткi па сходных прыкметах у асобныя этнаграфiчныя рэгiёны, i затым вылучаў асаблiвасцi беларускага этнасу наогул. Вучоны параўнаў свае карты, створаныя на аснове вывучэння групаў крывi, з картамi, зробленымi этнографамi Яўхiмам Карскiм i Мiтрафанам Доўнар-Запольскiм па распаўсюджваннi беларускiх гаворак яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, а таксама з атласамi беларускiх гаворак. Яго ўразiла, як карты супадалi: па ахопленай тэрыторыi яны фактычна накладалiся адна на другую. Атрымлiваецца, што там, дзе адрознiваюцца гаворкi, генетычныя даныя таксама могуць мець свае асаблiвасцi. Сяляне маглi падзяляць людзей на "сваiх" i "чужых". Распаўсюджванне i беларускiх гаворак, i звестак бiяхiмiчнага аналiзу крывi, i фiзiямарфалагiчных асаблiвасцяў насельнiцтва паказвае, што беларускi этнас засяляе тэрыторыю, якая выходзiць за сучасныя межы Беларусi. Людзi, падобныя да нас па знешнасцi i па генным складзе, жывуць ля Вiльнi, Смаленска, Вялiкага Ноўгарада, на сумежных украiнскiх тэрыторыях. У агульных рысах арэал пражывання беларусаў адпавядае тэрыторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Здабытыя ў экспедыцыях звесткi даюць магчымасць абазначыць храналогiю фармiравання беларускага этнасу. Даследаваны вучоным i яго калегамi генафонд пацвярджае тутэйшыя каранi беларускага этнасу i дазваляе лiчыць яго карэнным. Беларускi этнас прайшоў шлях фармiравання з часоў каланiзацыi сучаснай тэрыторыi славянамi, захаваўшы антрапалагiчныя рысы тагачасных балцкiх абарыгенаў. У межах захаванасцi адзiнага генафонду беларускага этнасу з моманту яе прарадзiннага пачатку, вучоным выяўлены шэраг лакальных папуляцый, якiя маюць найменшую аддаленасць ад праэтнасу. Гэта ельская, лельчыцкая, петрыкаўская — на поўднi, полацкая i ўшацкая — на поўначы, наваградская — на паўночным захадзе. Такi складаны для пражывання край балот, як Палессе змог захаваць беларусаў у найбольш чыстым выглядзе, таму Аляксею Мiкулiчу ўдалося знайсцi надта рэдкiя групы крывi. Iзаляванасць беларускага Палесся спрыяла i рэгiянальнаму назапашванню рэцэсiўнага гена светлавокасцi. Прынамсi, Палессе не толькi паводле матэрыялаў антрапагенетыкаў, але i дзякуючы археалагiчным знаходкам можна разглядаць у якасцi магчымай прарадзiмы славян. Трэба адзначыць, што сабраная антрапагенетыкам iнфармацыя дае падставу меркаваць, што беларуская папуляцыя найбольш за iншых адпавядае ўсходнеславянскай продкавай супольнасцi. У генафондзе беларусаў практычна не выяўлена прыкмет мангалоiднай расы, гэта пацвярджае i гiстарычныя звесткi пра тое, што наша тэрыторыя не зведала татара-мангольскага панавання. А на рускiх вялiкi ўплыў аказаў фiна-вугорскi этнас. Сабраны па Беларусi i сумежных тэрыторыях банк звестак вучоны перадаў у маскоўскi Iнстытут агульнай генетыкi М.I. Вавiлава. На гэтых звестках былi пабудаваны карты зменлiвасцi генафонду Усходняй Еўропы. Такiя карты даюць магчымасць не толькi параўноўваць этнасы памiж сабою, але i прасочваць мiграцыйныя працэсы. Так беларусы перамяшчалiся ў асноўным з поўдня на поўнач, а рускiя — з захаду на ўсход. Паводле гiпотэзы Мiкулiча, генетычная структура насельнiцтва заставалася стабiльнай на працягу гiстарычна значных адрэзкаў часу. Папуляцыя этнiчных беларусаў вяскоўцаў з’яўлялася самаўзнаўляльным арганiзмам, калi спадчынны матэрыял перадаваўся праз пакаленнi карэнных жыхароў. // Паводле “Звязды” Крыніца: http://www.belmy.by/articles/materials/tema/1547.html

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz