Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

СТАРАБЕЛАРУСКАЯ МОВА

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Старабеларуская мова: колішняя ўсходнеславянская літаратурная мова, якая была шырока распаўсюджана на славянскіх землях Вялікага Княства Літоўскага да канца 17 ст., а захоўвалася ва ўжытку да пачатку 19 ст.[1]

Магчыма, што ў 15—16 ст. яна ўжывалася і на некаторых землях Вялікага княства Маскоўскага[2]. Старабеларуская літаратурная мова склалася на аснове ўзаемадзеяння тагачаснай царкоўнаславянскай літаратурнай мовы і старабеларускіх народных дыялектаў.

Пачаткам яе адметнага існавання лічыцца 14 ст. (Гл.далей: Развіццё старабеларускай літаратурнай мовы).

Тэрмін

Азначэнне «старабеларуская» было ўведзена Я. Ф. Карскім (1893) на падставе яе роднаснай блізкасці з народнымі беларускімі гаворкамі 19 ст.

Па гістарычных крыніцах, якія паходзяць з непасрэднага арэалу бытавання, вядома пад назвай "руская" (Статут 1588 г., Метрыка ВКЛ, выданні Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш.).

У цяперашні час тэрмін "старабеларуская" працягвае ўжывацца, каб пазбегнуць блытаніны з сучаснай рускай мовай. У заходняй мовазнаўчай наменклатуры старабеларуская літаратурная мова, разам са стараўкраінскай, разглядаецца як частка агульнага ідыёму «русінская мова» (англ.: Ruthenian language), да якой прылічваюць літаратурную мову ўсіх усходнеславянскіх тэкстаў, якія немагчыма пэўна прылічыць да царкоўнаславянскіх, і якія паходзяць з ВКЛ і Рэчы Паспалітай 14—18 ст.

Гэтая думка падтрымліваецца польскай і літоўскай навуковымі школамі.

Гл.далей:

Узнікненне старабеларускай літаратурнай мовы.

Сучасная беларуская літаратурная мова была створана на аснове старабеларускіх народных гаворак, якія існавалі на этнічных беларускіх землях у 19 ст., і фіксуюцца ў помніках з 17—18 ст.

Гл. таксама:

Гутарковая мова ў 17—18 ст..

Узнікненне

Пасля распаду пратаславянскай мовы каля сярэдзіны 1 тыс. і ўзнікнення ўсходнеславянскіх пляменных дыялектаў, асноўнай падзеяй у іх развіцці пасля 10 ст. было хрышчэнне і ўстанаўленне царкоўнаславянскай мовы як мовы афіцыйнай, духоўнай і літаратурнай.

У далейшым, на землях усходнеславянскага засялення адбываліся два галоўныя працэсы. Першым было развіццё духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску, другім, было развіццё свецкай пісьменнасці на кірыліцы (лучна з афіцыйнай і дзелавой — Гл. таксама: канцэпцыя агульнай усходнеславянскай мовы і яе крытыка).

Развіццё

Узнікненне старабеларускай літаратурнай мовы як асобнага ідыёму і пачатак яе дакументаванага развіцця ў такой якасці адносяцца, звычайна, да 14 ст. Далейшае развіццё адбывалася ў 15 ст. і вяршыня развіцця была дасягнутая ў 16 ст.[3]

У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. былі зробленыя спробы кадыфікацыі, з якіх найбольш значнымі прызнаюцца[4] граматыка і буквар Івана Фёдарава (1574, 1578), граматыка Лаўрэнція Зізанія (1596) і граматыка Івана Ужэвіча (1645; прыналежнасць да старабеларускай ці стараўкраінскай мовы аспрэчваецца адпаведнымі нацыянальнымі навуковымі школамі).

Характэрна беларускія фанетычныя ўплывы адзначаюцца ў мясцовых царкоўнаславянскіх помніках яшчэ ў сяр. 11 ст.[5], а самым раннім помнікам пісьменнасці, дзе выразна відаць рысы старабеларускай мовы, лічацца «Смаленскія граматы» (1229)[6].

Складанне старабеларускай мовы адбывалася пад моцным уплывам старой царкоўнаславянскай літаратурнай традыцыі, і асноўвалася на мясцовых усходнеславянскіх дыялектах[7], з асноўным уплывам, пачаткова, з боку гаворак полацка-смаленскага рэгіёну, пазней — сярэднебеларускіх гаворак, потым — гаворак віленскага рэгіёну[8]

 Адначасова з тым, што мова літаратурная паступова зрабілася, да пэўнай ступені, штучнай, мова гутарковая захоўвала адносную чысціню, і літаратурная мова няспынна чэрпала моўныя рэсурсы з гутарковай[9]

Моцным фактарам у развіцці старабеларускай мовы пасля канца 14 ст. стала паланізацыя верхніх, потым і сярэдніх класаў на землях ВКЛ, якая дасягнула значнай ступені ўжо ў сяр. 15 ст.[10]

У слоўніку літаратурнай мовы былі прыкметнымі лацінскі і германскі ўплывы. У 1-й пал. 17 ст., пасля поспехаў паланізацыі на беларускіх землях і перамяшчэння цэнтру праваслаўнага друку ў Кіеў, адзначаецца пэўны ўкраінскі ўплыў.

Фанетыка і марфалогія старабеларускай мовы стабілізаваліся ў 16 ст., лучна з характэрна-беларускімі фанетычнымі рысамі, што не існавалі раней, найбольш прыкметныя сярод якіх: «аканне» (развілося каля 14 ст.), «нескладовае у» (каля пач. 13 ст.).

 Асобныя старабеларускія адметнасці ў марфалогіі развіліся ўжо ў 14—15 ст.[11] Сінтаксіс і лексіка працягвалі мяняцца, у тым ліку і пасля 16 ст., прычым літаратурная мова была пад моцным уплывам польскай мовы, асабліва ў 16—17 ст.

Лічыцца, што гутарковая мова была адноснай свабоднай ад такога ўплыву, і пачала адрознівацца ў сінтаксісе і асабліва ў лексіцы.[11]

 Наменклатура

Заходняя філалагічная наменклатура і гістарыяграфія, асабліва польская і і літоўская, звычайна спасылаюцца на старабеларускую мову як складавую частку зборнай існасці, «русінскай мовы» (Ruthenian, Old Ruthenian).

Гістарычна, існавалі шматлікія назвы і Колішнія і сучасныя назвы

• беларуская (руск.: белорусский язык): рэдка ў колішняй Маскоўскай дзяржаве; таксама ў Крыжаніча. Азначэнне «беларуская (мова)» (руск.: белорусский (язык)) у дачыненні як мовы 19 ст., так і мовы Сярэднявечча, ужывалася ў працах расійскіх даследнікаў 19 ст. Буслаева, Аганоўскага, Жыцецкага, Сабалеўскага, Недзешава.

Сучасныя назвы

• (Старая) заходнеруская (мова або гаворка) (руск.: (древний) западнорусский язык,...наречие: сустракаецца пераважна ў тых даследнікаў, якія падтрымлівалі канцэпцыю прата-рускай стадыі развіцця, асабліва з канца 19 ст. — Карскі, Шахматаў.

літоўска-руская (руск.: литовско-русский): расійскія даследнікі 19 ст. Кепен, архіпіскап Філарэт, Сахараў, Каратаеў.

літоўска-славянская (руск.: литово-славянский): расійскі даследнік 19 ст. Бараноўскі.[12]

руска-польская і нават польскі дыялект: Штрытэр, польскія даследнікі Самуіл Багуміл Ліндэ, польскі пісьменнік Вішнеўскі. Азначэнне выкарыстана і пры азначэнні мовы перакладу Бібліі Скарынам.

Колішнія назвы

русінская (руская, рутэнская) (руски езыкъ[Крыніца?]): называлася так сучаснікамі, але, звычайна, не ў тагачаснай Маскоўскай дзяржаве

Неадназначны тэрмін, якія можа адносіцца і да старабеларускай, і да стараукраінскай, і нават да мясцовага царкоўнаславянскага тэксту.

o простая русінская (руская) або простая гаворка (простый руский (язык) або простая молва): варыянт папярэдняга, сустраканы, напр., у выдаўца Рыгора Хадкевіча (16 ст.).

літоўская (литовский язык): імаверна, амаль выключная спасылка на гэтую мову ў Маскоўскай дзяржаве. Таксама ў Зізанія (канец 16 ст.), Памвы Бярынды (1653).

Уздым і заняпад

У 14 ст. старабеларуская мова ўжо была шырока распаўсюджанай мовай у ВКЛ, на якой размаўлялі і пісалі ва ўсіх слаях грамадства, лучна з неславянскай часткай арыстакратыі, і на якой складаліся ўсе віды свецкіх і дзяржаўных дакументаў[13].

У 15—16 ст., часткова ў 17 ст., старабеларуская мова ў ВКЛ была пераважнай мовай дзяржаўных, дыпламатычных, дзелавых і прыватных дакументаў, дакументаў гарадскога, земскага, замкавага справаводства, дакументацыі магдэбургій, магістратаў, попісаў (інвентароў) і рэвізій маёмасці, спісаў войска і г.д., нават на этнічна літоўскіх землях ВКЛ[6].

Па-старабеларуску была складзена большая частка дакументаў 15—16 ст. Літоўскай метрыкі (Гл. таксама: Дэнамінацыя афіцыйнай мовы); на гэтай мове складаліся афіцыйныя лісты каралеўскіх канцылярый у Кракаве і Варшаве, скіраваныя ў ВКЛ[6], статуты ВКЛ.

Старабеларуская мова высока ацэньвалася і за мяжой[6]. Старабеларуская мова стала 3-й славянскай, пасля чэшскай і польскай, на якой пачаўся кнігадрук.

Першая кніга па-старабеларуску была надрукаваная Скарынам у Празе (1517). Пазней у 16 ст. фактычны цэнтр старабеларускага кнігадруку змяшчаўся ў Вільні.

Старабеларуская мова была мовай белетрыстыкі, публіцыстыкі, мемуараў, рэлігійнай палемікі, гамілетыкі, агіяграфіі і г.д., на яе перакладаліся заходнееўрапейскія рыцарскія раманы, гістарычныя хронікі і апокрыфы.[6]

Пасля палітычных змен, што адбываліся ў ВКЛ з канца 14 ст. і на працягу 15 ст., назначылася тэндэнцыя да заняпаду старабеларускай культуры на карысць польскай, і такі заняпад мацнеў на працягу 16—17 ст.

Асабліва неспрыяльным становішча стала ў апошняй чвэрці 16 ст., калі ў Рэчы Паспалітай набрала сілу контррэфармацыя, бо пратэстанты і праваслаўныя складалі на той час асноўную частку беларускамоўнага насельніцтва.

Між іншым, інквізіцыя Рэчы Паспалітай улучыла шмат выданняў на старабеларускай мове ў свой «Кодэкс забароненых кніг» (вып. з 1603)[14].

Паланізацыя выклікала адпор буйных беларускіх дзяржаўных (Леў Сапега) і некаторых рэлігійных (Васіль Цяпінскі) дзеячоў.

Пачынаючыся з публіцыстыкі (напрыклад, у прадмове Цяпінскага (1570)), абарона правоў беларускай мовы пераходзіла ў практыку дзяржаўнага будавання (спрэчкі аб мове Статуту 1588г., вынік якіх агучаныя ў славутай Сапегавай прадмове да Статуту 1588г.|) і зафіксаваная ў выбары мовы Статутаў.

Значнай перамогай гэтай палітычнай лініі было замацаванне ў адмысловым артыкуле Статуту старабеларускай мовы як адзінай дазволенай мовы афіцыйных дакументаў, што быў унесены ў Статут 1566 года, і паўтораны ў Статуце 1588 года, і нават у польскім перавыданні Статуту (1614)[15].

Гл. таксама:

Залаты век беларускай гісторыі.

З цягам часу, калі ўсё большая колькасць вышэйшага, а потым і сярэдняга класу пераходзіла ў польскую культуру, і на полькую мову, выкарыстанне старабеларускай мовы скарачалася.

Пад сяр. 17 ст. адзіным значным выдаўцом па-старабеларуску заставалася праваслаўная царква. Аднак, у той час нават мова тэкстаў, пісаных у праваслаўным асяроддзі, сталася, у спробе прыцягнуць увагу чытача, моцна паланізаванай, і пачала моцна адрознівацца не толькі ад гутарковай мовы, але і ад ранейшай старабеларускай літаратурнай традыцыі.

Прыкметна, што ад 1626 ўся праваслаўная анты-уніяцкая палеміка друкавалася па-польску. Пад 2-ю чвэрць 17 ст., старабеларуская літаратурная мова ўвабрала вялікую колькасць польскіх моўных элементаў, адарвалася ад сваёй народнай асновы, і сталася моцна штучнай і нават не цалкам прыдатнай да жыццёвага выкарыстання.

 Літаратурная мова перыяду, асабліва пасля пераносу цэнтру праваслаўнага кнігадруку ў Кіеў (1610-я гг.), ужо не можа лічыцца сапраўды старабеларускай.[11]

У 1696 годзе, Генеральная канфедэрацыя саслоўяў забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых[16] афіцыйных дакументах, замяняючы яе ў гэтай ролі польскай мовай.

Старабеларуская мова захоўвалася сярод дробнай шляхты і мяшчанства да пач. 19 ст., але фактычна была зведзеная да ролі «плябейскай» гутарковай мовы.

Друк па-старабеларуску фактычна не існаваў, і адзінымі школамі, дзе выкладанне вялося па-старабеларуску, былі школы ордэну базыліянцаў. У 19 ст., рэшткі старабеларускай мовы, што захаваліся ў гутарковай форме, паслужылі, у ліку іншага, асновай для стварэння сучаснай беларускай мовы.

Духоўная літаратура

З’яўленне старабеларускіх адметнасцяў у духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску адносіцца да 15 ст., а некаторыя аўтары заўважаюць беларускія фанетычныя адметнасці ў тэкстах 11 ст.[17].

Значнейшымі прыкладамі такой літаратуры былі «Чэцця» (перапісаная «паповічам Бярозкам з Наваградку», 1489), збор кніг Бібліі, перакладзены на старабеларускую з ідыш у пач. 16 ст., псалтыр 16 ст. і інш.[18].

Скарына, захоўваючы царкоўнаславянскую аснову ў сваіх кнігах, увёў так шмат старабеларускай лексікі, што мова яго кніг пачала значна адрознівацца ад царкоўнаславянскай[19].

Далейшыя спробы скарачэння разрыву між мовай духоўнай літаратуры і гутарковай былі зробленыя Будным і Цяпінскім. Выданне Запаветаў у перакладзе Цяпінскага азначыла фактычную замену царкоўнаславянскай мовы на старабеларускую ў ролі мовы духоўнай літаратуры.[11]

Афіцыйная мова

Праблема класіфікацыі афіцыйнай, канцылярскай мовы і яе адменаў у ВКЛ з’яўляецца спецыфічнай. Наогул, між мовазнаўцамі, што вывучаюць сярэднявечную ўсходнеславянскую пісьменнасць, існуе фундаментальная нязгода наконт таго, ці лічыць тагачасную афіцыйную пісьменнасць праявай адпаведнай літаратурнай мовы.

У выпадку старабеларускай мовы, Карскі ў 1900-х гг. (пазней, Ф. П. Філін у 1970-х гг., Л. М. Шакун у 1960-х гг.) давялі дастатковую ступень тоеснасці між старабеларускай літаратурнай мовай і мовай афіцыйных дакументаў ВКЛ.

Але іншыя даследчыкі (С. Кутшэба (1914), Й. Якубоўскі (1912), А. Мартэль (1938), І. І. Лапо (1936)) аспрэчылі думку Карскага — або падкрэсліваючы значнасць царкоўнаславянскага кампаненту ў мове афіцыйнай пісьменнасці ВКЛ, або выстаўляючы тэзіс пра тое, што такая мова была проста царкоўнаславянскай.[20]

 Распаўсюджанне такіх поглядаў звычайна прыпісваецца недастатковаму веданню іншаземнымі даследчыкамі жывой беларускай мовы, перакрыццём сфераў ужывання сярэднявечнай царкоўнаславянскайі старабеларускай моў, падобнымі графічнымісістэмамі, блізкасцю гэтых моў у граматыцы і лексіцы.[20]

Даследаванні славіста Хрысціяна Станга (1935) выявілі некалькі тыпаў мовы афіцыйнай пісьменнасці ў ВКЛ[21]:

• У 14 — пач. 15 ст. — паўднёва-валынскі, паўночна-валынскі, полацка-віцебска-смаленскі тыпы.

• На сяр. 15 ст. («перыяд караля Казіміра» [sic]) — паўднёва-беларускі і паўночна-валынскі тыпы, з перавагай беларускага тыпу, і таксама з маргінальнай наяўнасцю паўднёва-валынскага тыпу.

• На пач. 16 ст. афіцыйная мова (як і наогул літаратурная мова) дасягае сваёй больш устойлівай, унармаванай формы.

• На сяр. 16 ст. — афіцыйная мова тоесная з літаратурнай старабеларускай, і блізкароднасная з беларускімі дыялектамі тагачаснага віленскага рэгіёну; полацкі тып, на той час, зліваецца з асноўнай нормай, паўднёвыя тыпы знікаюць цалкам.[20]

Аднак, пытанне дэнамінацыі дзяржаўнай, афіцыйнай і дзелавой мовы ВКЛ застаецца неразвязаным мовазнаўцамі і ў 2000-х гг. Існуюць такія намінацыі, як:

• «канцылярская мова ВКЛ» (паводле Станга), што абмежавана канцылярскімі і афіцыйнымі дакументамі, якія складаліся ў ВКЛ, і не датычыць усёй старабеларускай пісьменнасці;

• «простая мова» (паводле Б. А. Успенскага), што можа адносіцца і да мясцовых дыялектаў некаторых паўночна-заходніх беларускіх гаворак;

• «руська мова», што вельмі недакладна, асабліва з-за таго, што ў пераважнай большасці беларускіх помнікаў лексема «рускій» пішацца без мяккага знаку, адлюстроўваючы фанетычны працэс, скончаны за 12—13 ст.

Апроч таго, тэрмін «рускі» вельмі неадназначны ў яго выкарыстанні ў помніках, і можа таксама адносіцца да такога тэксту, які «наогул усходнеславянскі» або «праваслаўнага толку» або «пісаны кірыліцай» або, нарэшце, старабеларускі.

Неадназначнасць выкарыстання тэрміну ўскосна пацверджваецца існаваннем тэрміну «простая руская мова» (напрыклад, у «Духоўных гаворках святога айца Макарыя», Вільна, 1627, стар. 9.);

• «старабеларуская літаратурная мова», што на 2000-я гг. агульнапрынята, але і актыўна аспрэчваецца некаторымі небеларускімі мовазнаўчымі школамі.[22]

Гэтыя неадназначнасці ў помніках пісьменнасці далі падставы для працяглых спрэчак адносна беларуска-украінскага размежавання літаратурных помнікаў таго перыяду, якія азначаныя як пісаныя «простай мовай».

Адным з шырокавядомых[23] прыкладаў такой палемікі з’яўляецца праца ўкраінскага даследчыка І. І. Агіенка (1935). Агульная характарыстыка Стабільныя, агульнапрынятыя кадыфікаваныя нормы (арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння) ў старабеларускай літаратурнай мове не існавалі, а толькі фармаваліся; у адным тэксце маглі спалучацца як архаічныя, так і жывыя моўныя рысы, так і інавацыі.

Існавалі шматлікія фармальныя дублеты — фанетычныя, марфалагічныя, арфаграфічныя. Так, рознымі спосабамі маглі перадавацца на пісьме, напрыклад, выбухны [г] — праз спалучэнні 'гг', 'кг', афрыката [дж] – дыграфамі 'дч', 'дж'; магло перадавацца або не перадавацца аканне, зацвярдзенне шыпенных, 'р', 'ц', пераход 'л', 'в' у 'ў' (нескладовае) ды інш.

Таму нормай у старажытнабеларускай літаратурнай мове звычайна лічаць найбольш частае, стабільнае ўжыванне той ці іншай граматычнай формы, спалучэння ды інш.[24]

Фанетыка

Да адметных фанетычных з'яў старабеларускай мовы адносяцца

аканне, яканне, дзеканне і цеканне, адлюстраваныя спарадычна; рэдукацыя ъ і ь у гукі ы, и (молоды, злы, би, пи і інш.);

чаргаванні ро, ло, ле -> ры, лы, ли ў становішчы паміж зычнымі (кровъ - крыви, глотка - глытати, блескъ - блишати і г.д.);

прыстаўны и перад збегам зычных, першы з якіх санорны (иржа, имгла і інш.), выпадзенне и ў пачатку слоў (мети з имети і інш.); пераход е -> о (прышолъ, чотыры і інш.); афрыката дж, перададзеная або непасрэдна, або апасродкавана (ездживалъ, розъежчал і інш.); фрыкатыўны г, у адрозненні ад выбухнога, што перадаваўся спалучэннямі кг, гк, гг;

падаўжэнне зычных (вяселле і інш.);

зацвярдзелыя р, ж,ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і інш.);

пераход в, у, л -> ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і інш.); прыстаўныя зычныя в, г (восень, гусеница і г.д.);

зацвярдзелыя губныя на канцы слова (семъ, сыпъ і г.д.) і інш..

Варта зазначыць, што ўсе гэтыя асаблівасці характэрны для сучаснай (новай) літаратурнай беларускай мовы, і толькі часткова - для ўкраінскай.[25]

Марфалогія

З марфалагічных рыс старабеларускай мовы трэба адзначыць скланенне назоўнікаў тыпу боль, тень, жаль, насыпъ і г.д. па ўзоры мужчынскага роду;

ужыванне канчаткаў -у (-ю) ў родным склоне адзіночнага ліку ў назоўнікаў мужчынскага роду (народу, броду і інш.);

канчатак -ы ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду (адз. лік, наз. склон) (городы, болоты і інш.). У рускай мове ў падобных выпадках захаваўся парны лік (два города, два яблока і г.д.);

адлюстраванне найвышэйшай ступені параўнання ў прыметніках праз суфікс -ейш (мягчейший і г.д.);

формы дзеясловаў тыпу стерегчи, несе, ляж, киньмо і г.д.;

клічны склон; наяўнасць службовых часціц хай, але, або, каб і г.д.[25]

Сінтаксіс

З сінтаксічных з'яў трэба адзначыць такія асаблівасці ўласна беларускай мовы як шырокае ўжыванне поўных форм прыметнікаў у функцыі выказніка;

спалучэнне лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі (адз. лік) ў форме роднага склону (тры столы і г.д.);

ужыванне сінтаксічных канструкцый тыпу лепшъ за его, вышелъ от всихъ, пошолъ до дому, сталося ему і інш.;

выкарыстанне ўласна беларускіх злучнікаў што, нібы, калі, як і інш..[25]

Лексіка

Слоўнікавы склад старабеларускай мовы надзвычай стракаты, у ім выдзяляецца найперш пласт спрадвечна беларускай лексікі (маці, сонца, брат, тры, новы і г.д.);

агульнаславянскія (я, чалавек, дзед, зіма і інш.);

 агульнаўсходнеславянскія (сабака, куст, сорак, сям'я і інш.);

уласна беларускія (волат, вежа, сейбіт, араты і інш.),

а таксама шматлікія пазычанні, у большасці праз пасярэдніцтва польскай мовы або проста з польскай мовы.[25]

Фразеалогія

Да асаблівасцяў старабеларускай мовы можна далучыць узнікненне ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў), частка з якіх захавалася з часоў агульнаславянскай мовы (напр. соль земли), а частка ёсць уласна беларускімі прыдумкамі (як свинья в болоте, ходити по людях і г.д.)[25]

Узаемадзеянні з іншымі мовамі

У пісьмовай старабеларускай мове існавалі шматлікія лексічныя пазычанні, найперш з польскай, таксама з нямецкай, лацінскай, чэшскай, радзей — з літоўскай і цюркскіх моў.

Пазычаныя словы існавалі ва усіх сферах функцыянавання літаратурнай мовы, і ва усіх стылях[26]

Фанетычная адаптацыя пазычанняў літаратурнай мовай адбывалася не цалкам паслядоўна, у літаратурнай мове некаторыя з іх былі засвоеныя часткова, і захавалі гукі, не характэрныя, у прынцыпе, для беларускай мовы.

Так, у старажытнабеларускай літаратурнай мове пад уздзеяннем пазычанняў з грэчаскай праз царкоўнаславянскую з'явіўся гук [ф]. У большасці выпадкаў ён захаваўся, але часта ён, як і ў сучасных народных гаворках, замяняўся блізкімі да яго ў акустычных адносінах [п], [х], [хв]: фляша – пляша, кафель – кахель, фурман – хурман, фальварак – хвальварак.

Часам утвараліся словы з фанетычнымі варыянтамі: кафтанъ – каптанъ — кахтанъ.

Словы з выбуховым [г] у выніку фанетычнай адаптацыі ў вымаўленні збліжаліся з словамі з фрыкатыўным [г]; раней гэтыя два гукі ў пісьмовых помніках размяжоўваліся: фрыкатыўны [г] перадаваўся літарай 'г', выбухны [г] – 'гг', 'кг' або спецыяльнай графемай.

Часам у пазычаных словах фрыкатыўны [г] апускаўся: лоика, траедия[27].

Замяняліся і іншыя нехарактэрныя для беларускай мовы гукі, напрыклад, [е,], [о,] (у паланізмах) — на [а] і [у]: вязенье, прудки (prе,dki).

Асаблівасцю многіх пазычанняў была наяўнасць у іх цвёрдых зубных зычных перад пярэднім галосным [і], што азначалася на пісьме літарай 'ы' пасля адпаведнага зычнага: визытовати, дыктовати, дысцыплина, констытуцыя, традыцыя і інш.

Але такое вымаўленне не стала агульнай заканамернасцю старажытнабеларускай мовы; гэтыя словы пачалі прыстасоўвацца да арфаэпічных нормаў жывой народнай мовы: индыкъ – индикъ, инквизыция – инквизиция, инкурсыя – инкурсия і інш.

У пісьмовых помніках ранняга перыяду пераважаюць формы з цвёрдымі зубнымі, у позніх — з мяккімі зубнымі (наяўнасць варыянтаў з цвёрдымі зычнымі сведчыць, што пасярэдніцай у пазычанні была польская мова).[28]

У 2-й пал. 16 ст. для іншамоўных словаў характэрнае і цвёрдае вымаўленне перад [э]: апэляцыя, гэрбъ, сэймъ, сэкта.

Многія пазычанні зазналі фанетычныя працэсы прыватнага характару, так у словах з двума гукамі [р] адбывалася рэгрэсіўная дыстантная асіміляцыя, у выніку якой першы гук [р] пераходзіў у [л]: барверъ — балверъ, перкгримъ —пелкгримъ, секретаръ — секлетаръ.

Мелі месца метатэза: тумултъ – тулмутъ, манастыръ – намастыръ, тарелка – талерка, мураль – муляръ, кальцнеръ – канцлеръ і інш., таксама спрашчэнне: вспонялый – спанялый, обфитость – офитость, радзей — устаўка: каноникъ – кановникъ, пробощъ – проборщъ[29].

Напісанне (і вымаўленне) падвоеных зычных у пазычаннях саступала месца спрошчаным, адзіночным варыянтам; варыянты маглі і суіснаваць.

Прыклады

Прыклад тэксту на старабеларускай мове — першы абзац звароту падканцлера ВКЛ Льва Сапегі да Жыгмонта III Вазы з нагоды прыняцця Статуту ВКЛ, 1 снежня 1588 года, Брэст: "Наяснейшому пану, пану Жикгимонъту Третему [...]

Были тые часы, наяснейшый милостивый г[о]с[по]д[а]ру королю, коли в томъ згромаженью а посполитован[ь]ю людскомъ, которое мы речью посполитою называем, не правомъ якимъ описанымъ або статутомъ, але только своимъ зданъемъ и уподобанъемъ владность свою г[о]с[по]д[а]ры и короли того света надъ людми ростегали.

Але ижъ частокроть от пристойное своее повинности отступовали, а, на свой толко пожытокъ речы натегаючы, о сполное доброе всихъ мало дбали, оттул[ь] то было уросло, же люди, брыдечысе ихъ панованьемъ и звирхностю и не господарми, але тыранами оные называючы, на самом только статуте и праве описаномъ все беспеченство и доброе речы посполитое засажали.

А прото онъ великий и зацный филозофъ греческий Арыстотелесъ поведилъ, же тамъ бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловекъ водлугъ уподобанья своего владность свою ростегаеть, а где опятъ право або статутъ гору маеть, там самъ богъ всимъ владнеть."

Сучаснасць

Лексічныя, марфалагічныя і іншыя элементы старабеларускай мовы ў сваіх творах выкарыстоўваюць асобныя беларускія літаратары: Міхась Баярын у паэтычным зборніку «Шалёны вертаградар», Сяргей Балахонаў у апавяданні «Паляванне на пачварнага парсюка».

Гл. таксама

• Вялікая хроніка

Зноскі 1.  Паводле паведамлення Пыпіна, працыт. у «Гісторыі Беларусі» Доўнар-Запольскага. Відаць, мелася на ўвазе гутарковая мова.

2.  У Северскай зямлі. Я. Станкевіч.

3.  Паводле прац Карскага, Станкевіча, Жураўскага і інш.

4.  Паводле (Яскевіч 2001).

5.  (Станкевіч 1954), С.48,49.

6.  6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 (Жураўскі 1993).

7.  Якія раней азначаліся як «заходняя галіна сярэднерускіх дыялектаў», напр., Карскім.

8.  Змяшчэнне цэнтру ўплыву адбылося, не ў апошнюю чаргу, з прычыны разбуральных войнаў на ўсходніх землях ВКЛ на працягу 16 ст. (Станкевіч 1939).

9.  (Карскі 1893, 1903).

10.  (Доўнар 1926), частка 5, раздзел 7.

11. 11,0 11,1 11,2 11,3 (Карскі 1903).

12.  Працыт. у Улащик Н. Введение в белорусско-литовское летописание. — М., 1985.

13. Адзначана ў (Доўнар 1926), частка 3, раздзел 3. Некаторыя значнейшыя помнікі перыяду, на думку Жураўскага (Жураўскі 1993): дагавор Мсціслава Давыдавіча, князя смаленскага з Рыгай і Гоцкім берагам (6 дакументаў), грамата князя Гердэня (1264), граматы Ізяслава, князя полацкага (каля 1265), граматы Якава, епіскапа полацкага (каля 1300), грамата жыхароў Рыгі

14.  (Галенчанка 1988).

15.  Сучасная інтэрпрэтацыя слова руски, хоць і не выклікае пярэчанняў у беларускім мовазнаўстве, але аспрэчваецца ў гістарыяграфіі. Гл.далей: Праблема дэнамінацыі афіцыйнай мовы ВКЛ.

16.  Дачыненне забароны толькі да новых дакументаў падкрэслена Грыцкевічам. Альманах «Адраджэнне»…

17.  (Станкевіч 1954).

18.  (Анічэнка, Жураўскі 1988), (Будзько 2003).

19.  (Карскі 1893).

20.  20,0 20,1 20,2 (Жураўскі 1978).

21.  Падаецца паводле цыт. у (Жураўскі 1978).

22. (Будзько 2003), С.167.

23.  Хоць і сумлеўных з боку аргументацыі. (Будзько 2003), С.167.

24.  Пд. Бубновіч.

25.  25,0 25,1 25,2 25,3 25,4 Паводле: Плотнікаў Б. А., Антанюк Л. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Мн. : Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. — 672 с. ISBN 985-482-033-5, ISBN 985-428-614-2..

26.  У беларускім мовазнаўстве няма адзінай класіфікацыі пазычанняў. Адной з прапановаў з'яўляецца класіфікацыя А. М. Булыкі, якая вылучае 14 лексічна-семантычных разрадаў: грамадска-палітычная лексіка; юрыдычная лексіка; канцылярская лексіка; ваенная лексіка; сацыяльна-эканамічная лексіка; прафесійна-вытворчая лексіка; бытавая лексіка; лексіка, якая характарызуе чалавека ў фізічных, псіхалагічных, інтэлектуальных адносінах; лексіка, якая характарызуе прыроду ў бытавым і навуковым асвятленні; лексіка, звязаная з лічэннем і вымярэннем; лексіка, якая характарызуе навуку, культуру, мастацтва; рэлігійная лексіка; поліфункцыянальная лексіка; агульная лексіка. Пд. (Булыка 1980), як працыт. у Бубновіч.

27.  (Булыка 1980), С.213, як працыт. у Бубновіч, С.27.

28.  Бубновіч, С.28.

29.  Булыка, С.215, як працыт. у Бубновіч, С.28.

Літаратура

• (Анічэнка, Жураўскі 1988) Анічэнка У. В., Жураўскі А. І. Беларуская лексіка ў выданнях Ф. Скарыны // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.

• (Бубновіч 2000) Бубновіч І. І. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю: Дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей выш. навуч. устаноў/Пад рэд. П. У. Сцяцко. — Гродна: ГрДУ, 2000. — 107 с. ISBN 985-417-165-5.

• (Булыка 1980) Булыка А. М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — 256 с.

• (Галенчанка 1988) Галенчанка Г. Я. Кнігадрукаванне ў Польшчы // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.

• (Карскі 1893) Карский Е. Ф. Что такое древнее западнорусское наречие? // «Труды Девятого археологического съезда в Вильне, 1893», под ред. графини Уваровой и С. С. Слуцкого, т. II — М., 1897. — с. 62 — 70. In edition: Карский Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Е. Ф. Карский / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. — Мн. : БелЭн, 2006. — с. 495—504. ISBN 985-11-0360-8 (T.1), ISBN 985-11-0359-4.

• (Карскі 1903) Карский, Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. ; [Карскій. Бѣлоруссы. Т. I — Вильна, 1903] — Мн. : БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0360-8 (Т.1), ISBN 985-11-0359-4.

• (Станкевіч 1927) Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.

• (Станкевіч 1930) Ян Станкевіч. Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьніку [Вільня, 1930] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.

• (Станкевіч 1939) Ян Станкевіч. Гісторыя беларускага языка [Вільня, 1939] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.373—375.

• (Станкевіч 1954) Доля мовы беларускае (яе вонкашная гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі [Нью-Йорк, 1954] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.2. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 586 с. ISBN 985-6599-46-6 (т.2). С.48—60.

• (Яскевіч 2001) Яскевіч А. А. Старабеларускія граматыкі: да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці. — 2-е выд. — Мн. : Беларуская навука, 2001. ISBN 985-08-0451-3.

• (Жураўскі 1978) А. И. Журавский. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. — С. 185—191.

• (Жураўскі 1993) Жураўскі А. І. Беларуская мова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. — Мн.: БелЭн, 1993.

У Сеціве

• Старабеларускія першакрыніцы — вялікая калекцыя аўтэнтычных старажытных беларускіх тэкстаў

• Старабеларускі лексікон — слоўнік у якім сабраная ўнікальная старабеларуская лексыка

• Уладзімір СВЯЖЫНСКІ. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага.

• Уладзімір СВЯЖЫНСКІ. Аб статусе беларускай і ўкраінскай моў у часы Вялікага Княства Літоўскага.

• А.И. Журавский ДЕЛОВАЯ ПИСЬМЕННОСТЬ В СИСТЕМЕ СТАРОБЕЛОРУССКОГО ЛИТЕРАТУРНОГО ЯЗЫКА (Восточнославянское и общее языкознание. - М., 1978. - С. 185-191)

• Прыклад беларускай пісьмовай мовы ХVII ст.

• Золтан Андраш Западнорусско-великорусские языковые контакты в области лексики в XV в.

Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D0%B0

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz