Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

РУСІФІКАЦЫЯ

З пляцоўкі Вікіпедыя.

РУСІФІКАЦЫЯ (руск.: русский + лац.: -fico «раблю») — лучнасць захадаў уладаў Расійскай імперыяй, а пазней і СССР, скіраваных на насаджэнне[1] рускай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, заселеных іншымі народамі, з мэтай наступнай іх асіміляцыі і дасягнення перавагі рускіх мовы і культуры на дадзенай тэрыторыі.

РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ

У Расійскай імперыі

28 мая 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II падпісала Наказ, паводле якога ўсе губернатары «былых польскіх» (гэта значыць — беларускіх) губерняў абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на рускай мове.

Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі толькі калі гэта не краналася сферы ўлады. 8 мая 1773 года Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаванні ў Беларускіх губернях губернскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстанне ў справаводстве толькі рускай мовы[2].

 Кацярына II імкнулася да аб'яднання далучаных земляў з іншымі часткамі імперыі, але рабіла гэта асцярожна і паступова. Па здушэнні паўстання 1794 года гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываннем карных захадаў[3].

Расія афіцыйна адмаўляла беларускую нацыю і беларускую мову; чыноўнікі беларускага паходжання звальняліся з дзяржаўных устаноў і замяняліся расійскімі[4].

Павел I, імператар расійскі і Аляксандр I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджвання польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па яго вынішчэнні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў рускі.

Па прыходзе да ўлады ў снежні 1825 году Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэнні паўстання 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртанне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі[3].

16 верасня 1831 года ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога з'яўлялася «зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі»[3].

Міністр унутраных спраў Расійскай імперыі Пётр Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абрусення Заходняга края»[5]. 25 чэрвеня 1840 года Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і наймення яны не былі, трэба было пісаць толькі на рускай мове.

У афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Беларусь атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна скасоўвалася дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага[4].

Апроч таго, Мікалай I зацвердзіў пастанову пра перасленне ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губерняў, якія прынясуць з сабой у гэты край, які цураецца Расіі, нашу мову, звычай, прыхільнасць рускіх да трона»[6].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губерніяў з іншымі тэрыторыямі Расійскай імперыі ўсё яшчэ працягвалася[3].

Па здушэнні паўстання 1863—1864 гадоў працэс расіізацыі ўзначаліў генерал-губернатар М. Мураўёў, названы сучаснікамі Вешальнікам і Людаедам[7].

Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга края» надаваў расіізацыі адукацыі, шырока вядомым з'яўляецца яго дэвіз: Што не дарабіў рускі штык — даробіць рускія школа і царква Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансерватыўнага кірунку ў «заходне-русізме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выдання «Веснік Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі» пад новай назвай «Веснік Заходняй Расіі».

Аднак, нягледзячы нават на ўвядзенне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс не карыстаўся папулярнасцю, і ў 1871 годзе яго закрылі[8].

Звяртаючыся да беларускага дваранства Мураўёў казаў: Забудзцеся пра наіўныя летуценні і мары, панове, і помніце, што калі вы не зробіцеся тут сваімі думкамі і пачуццямі рускімі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

Апроч таго, істотнымі фактарамі расіізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» з'яўляліся падвышаныя (параўнальна з метраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расіі, а таксама расійскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала размяшчаліся ў беларускіх гарадах і мястэчках[9].

У СССР

У адпаведансці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зліцця ўсіх народаў Савецкага Саюза ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўвання нацыянальных элементаў усіх народаў, у тым ліку мовы.

Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе рускай нацыянальнай базы — на базе рускіх гісторыі, культуры, мовы і патрыятызму[10].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускай мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраванне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філасофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі».

Практычным завяршэннем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускай мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 году «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных і марфалагічных асаблівасцяў беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[11]: Мы будзем мець справу не з дзвюма мовамі,... а з сотнямі нацыянальных моў, з якіх у выніку доўгага эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва нацый будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зліюцца ў адну супольную міжнародную мову,...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элементы нацыянальных і занальных моў.

Адной з прадбачаных Сталіным занальных моў мусіла паўстаць на базе рускай мовы. Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадах ва ўсіх нерускіх мовах Савецкага Саюза адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў.

Калі разгледзіць славянскія нерускія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў звязку са сваяцтвам гэтых моў русіфікацыйны працэс у кожнай з іх з'яўляўся ідэнтычным ва ўсіх дэталях.

У працэсе русіфікацыі неславянскіх моў — цюрскіх, моў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але паслядоўна вялі да поўнай нівеляцыі беларускай мовы:

1. Звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў публічным жыцці і замена яе рускай;

2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжывання беларускай мовы. Кепская сітуацыя склалася з выданнем беларускамоўных кнігаў.

Беларускамоўныя кнігі трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а потым спісваліся ў якасці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто не хоча чытаць.

Разам са змяншэннем накладаў і колькасці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі, павялічвалася колькасць і ўдзельная вага рускамоўнай.

У 1946 годзе наклад часопісаў на рускай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кнігаў складаў 9 мільёнаў асобнікаў, рускамоўных — 16 мільёнаў[12]. 26 мая 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, аб павелічэнні на 15% заробку настаўнікаў рускай мовы ў беларускамоўных школах.

Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 года павелічэнне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх класаў, якія ведалі рускую мову, і настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў 4—11 класах агульнаадукацыйных школ усіх тыпаў[12].

Глядзіце таксама

• Рэформа беларускага правапісу 1933 года

• Наркамаўка

• Этнацыд

• Транслітэрацыя

Зноскі

1. Лыч Л. Русіфікацыя // Шаблон:Крыніцы/Беларусь: энцыклапедычны даведнік, 1995 С. 630.

2. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2. — Мн., 1940.

3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Вячаслаў Швед. Эвалюцыя расійскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // «Гістарычны Альманах». Том 7, 2002.

4. 4,0 4,1 Мікалай Крыжаноўскі. Жывая крыніца ты, родная мова // «Народная Воля» № 65—66, 1 мая 2008.

5. Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.

6. 1831. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне супроць царызму // Шаблон:Крыніцы/Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (1997)

7. Шаблон:Крыніцы/Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый) С. 257.

8. Шаблон:Крыніцы/Гістарыяграфія гісторыі Беларусі С. 133.

9. 86. Калі ў Беларусі пасяліліся рускія? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

10. Русіфікацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 136.

11. И. Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.

12. 12,0 12,1 Беларуская Атлантыда: без бар’ераў. Русіфікацыя // «Радыё Свабода», 13 снежня 2007.

Літаратура

• Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.

• Генадзь Лыч, Леанід Лыч. Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі.

Спасылкі

• Ніна Баршчэўская. Русіфікацыя беларускай мовы ў асвятленні газеты «Беларус»

• Білінгвізм — плакат Уладзіміра Крукоўскага, 1988 г.

Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D1%83%D1%81%D1%96%D1%84%D1%96%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%8F

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz