Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА 1934

З пляцоўкі Вікіпедыя.

"ПРАВАПІС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ" (1934), нарматыўныя (1934—1958) правапіс і граматыка беларускай мовы, выданыя ў Мінску асобнай кнігай 100 тыс. тыражом пад рэд. А. Александровіча (1934) ў мэтах ажыццяўлення рэформы беларускай граматыкі (1933)

Правапіс уключаў шэраг палажэнняў забароненага праекту рэформы Правапіснай камісіі Некрашэвіча (1930), але дадаткова ўтрымліваў і змяненні ў граматыцы[1].

Быў узмоцнены марфалагічны прынцып будовы граматыкі, у параўнанні з граматыкай Тарашкевіча (1918). Шэраг правілаў быў спрошчаны і ўпарадкаваны.

Правапіс словаў замежнага паходжання быў прыведзены ў большую адпаведнасць з правіламі беларускай фанетыкі, але прынцып акання, хоць і пашыраны, быў вельмі абмежавана распаўсюджаны на "э"/"е".

Дадаткова былі ўведзены палітычна матываваныя выняткі (г.зв. "словы інтэрнацыянальнага рэвалюцыйнага паходжання", напр., комуніст, большэвік і пад.)

Ацэнкі

Правапіс выклікаў шмат пытанняў і нават пратэстаў[2] у БССР. Шэраг правілаў, напрыклад, ужывання вялікіх літар, напісання словаў разам, асобна ці праз злучок, некаторыя формы форма- і словазмянення, быў сфармуляваны на ўзор адпаведных правілаў рускай арфаграфіі[3].

Некаторыя арфаграфічныя правілы не маглі забяспечыць прынцыпу аднолькавага напісання, былі ўведзены надуманыя, штучныя правілы, якія не адпавядалі літаратурнаму вымаўленню, былі недакладнымі ў фармулёўках, не пашыраліся на ўсю лексіку.

У газеце "Звязда" была адкрытая (1938) шырокая дыскусія па далейшых кірунках развіцця беларускай граматыкі і правапісу. Выказацца па гэтых пытаннях заклікала сваіх чытачоў газета "Советская Белоруссия".

Гэтая дыскусія, а пазней і акадэмічнае абмеркаванне, была працягнута пасля вайны (гл. Гісторыя беларускай мовы ў 1950-х гг.), і мела вынікам яшчэ адну рэформу беларускай граматыкі (1957).

Гэты правапіс быў катэгарычна не прыняты часткай тагачаснай, і пераважнай большасцю пасляваеннай беларускай эмігранцкай супольнасці.

У крытыцы (якая ўзыходзіць да публікацыі Яна Станкевіча, "Зьмена граматыкі беларускага языка ў БСРР", Вільня, 1936) усе змяненні абвяшчаліся русіфікацыйнымі, а мэты рэформы — несапраўднымі, апроч пункту пра "скасаванне штучных бар'ераў паміж рускай і беларускай мовамі", які, разам з крытыкай "русіфікацыйных" змяненняў, агучваўся і трактаваўся ў далейшым як намер "наблізіць беларускую мову да рускай".

Такі кірунак крытыкі, з падкрэсленнем ідэалагічнага аспекту, быў працягнуты ў 1990—2000 гг. шэрагам аўтараў (Л. Лыч, В. Вячорка, Н. Баршчэўская).

Гл. таксама:

Грамадская камісія (1993),

Альтэрнатыўны правапіс беларускай мовы (2005).

Зноскі

1.  [Станкевіч 1936]...

2. Паводле [Станкевіч 1936].

3.  Сучасная беларуская мова..., С...

Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B3%D1%80%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D1%82%D1%8B%D0%BA%D0%B0_1934

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz