Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА ТАРАШКЕВІЧА 1918

З пляцоўкі Вікіпедыя.

"БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА ДЛЯ ШКОЛ" (1918), школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Б. Тарашкевічам (1917—1918) і выдадзеная ў Вільні (1918), у паралельных кірыліцкім і лацінскім варыянтах.

Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі (Гл. таксама: Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г.), ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў БССР.

Першая жыццяздольная граматыка сучаснай беларускай мовы, аснова ўсіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі. У аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш "цвёрдае р" і "моцнае аканне".

У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалагічны (пераважна), так і фанетычны прынцыпы. Словы іншамоўнага паходжання выдзяляліся ў асобную групу.

Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя і зычныя ў іншамоўнай лексіцы так, як яны вымаўляліся ў мове, з якой былі запазычаны[1], фактычна было прынятае пераважнае іх напісанне як у польскай мове[2].

Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л'][1].

Шмат якія правілы ў граматыцы адсутнічалі або былі недапрацаванымі, напрыклад, нарматывы напісання складаных словаў, некаторых канчаткаў, прозвішчаў, імёнаў, геаграфічных назваў[1], і дапрацоўваліся іншымі аўтарамі ў практычна выкладаных граматыках[3] (гл. Беларускія граматыкі Лёсіка).

Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). Гл.далей: Праект рэформы беларускага правапісу 1930 г., Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г..

Ацэнкі

Вучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненні ў галіне беларускай філалогіі (Я. Карскі, А. Шахматаў і інш.), і быў станоўча прыняты грамадскасцю.

Аднак, у практычнай працы і ва ўмовах масавай беларусізацыі граматыка выклікала пэўныя цяжкасці з-за сваёй агульнай складанасці і пэўных унутраных недахопаў; некаторыя фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не атрымалі ў кнізе належнага асвятлення; напісанне іншамоўнай лексікі працягвала складаць цяжкасці; некаторыя правілы былі штучнымі і надуманымі, у граматыку быў уведзены шэраг архаічных граматычных формаў у якасці літаратурных[1].

"Рускі і польскі ўплывы" (адпаведна, у марфалогіі і арфаграфіі)[4] адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напр., Я. Лёсік і Я. Станкевіч.

Зноскі

1.  1,0 1,1 1,2 1,3 Сучасная беларуская мова..., С....

2.  Гапоненка І. А. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. А. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Мн. : Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.

3.  Некрашэвіч..., С....

4.  Адпаведнасць паводле тлумачэння ў: Сучасная беларуская мова..., С.... Крыніцы Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.

У Сеціве

• Лёсік Я. «Дзесяцігодзьдзе беларускае граматыкі (1918—1928 г.)»

Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B3%D1%80%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D1%82%D1%8B%D0%BA%D0%B0_%D0%A2%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87%D0%B0_1918

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz