Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

АБРАДАВАЕ ПЕЧЫВА

Пяклі да сямейных і каляндарных свят і абрадаў – ім сустракалі і частавалі гасцей, яго неслі ў поле, ідучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі свойскай жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д.

На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам – павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі на смак, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на брэстчыне захавалася стараж.

Назва такога пірага – скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі святочныя пшанічныя пірагі маладым – месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на векі дзежкі свекрыві.

Памінальнае печыва заўсёды было прясным (мёртвы хлеб) – корж, гарачыкі, галушкі. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, “ па крошцы” раздавалі ўсім прысутным за жалобным сталом. На каляды пяклі жытнія пірагі – каляднікі, якімі звычайна абдорвалі каляднікаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (галушак, варэнікаў) з макам або з фасоляй (на Палессі іх называлі саракаі, бапкі).

Сярод вялікага посту пяклі храсцы – крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, ідучы сеяць. На благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на вялікдзень – здобныя пірагі (паскі, калачы).

На Юр’я на Палессі пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта (Пружаншчына), а ў Бярозаўскім р-не гатавалі піражок – юрок, ішлі з ім на поле і клалі ў жыта: калі жыта яго не пакрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай.

У некаторых мясцовасцях на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы пяклі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні купалля).

Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/8393

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz