Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

АБРАДАВЫ КАСЦЮМ

  

Адзін з важных кампанентаў традыцыйнай і сучаснай абраднасці беларусаў. У шырокім сэнсе ўключае адзенне, галаўны ўбор, абутак, упрыгожанні і інш. асесуары, што прызначаюцца для нашэння ў час пэўнага абрадавага дзеяння (гл. Абрады).

Характар абраду вызначаў матэрыял і тэхнічныя сродкі выканання касцюма, мастацкае аздабленне, асаблівасці апранання, нашэння, распранання. А. к. цесна звязаны з духоўным жыццём народа, з яго звычаямі, рэлігійна – магічнымі, эстэтычнымі ўяўленнямі. А. к. спалучае некалькі функцый.

Важнейшыя з іх – абрадавая, знакавая (знакі маёмасных, сацыяльных адрозненняў, канфесіянальнай, нацыянальнай, рэлігійнай і інш.), святочная, эстэтычная, практычная, вытворчая, магічная і інш. Для А. к. характэрна шматзначнасць магічнай сімволікі.

У бел. А. к. прасочваецца апатрапейнае (гл. Апатрапей) сімволіка (пакрывала маладой, выкарыстанне маладымі футравага або суконнага адзення, ужыванне ў пахавальным касцюме чырвоных нітак замест абор), кантактная магія.

А. к. вясенне – летняга цыкла з ужываннем зеляніны павінен быў спрыяць урадлівасці. З гэтай жа функцыяй звязана і старажытная семантыка чырвоных ромба – геаметрычных узораў на кашулях жанчын, звычай рытуальнага пераапранання ў адзенне іншага полу.

 

 

У традыцыйнай абраданасці беларусаў ужываліся спецыяльна падрыхтаваны касцюм або святочнае і штодзённае адзенне, якое дапаўнялася асобнымі элементамі і атрыбутамі..

У бел. вяселлі асаблівая ўвага надавалася галаўному ўбору і прычоскі дзеючых асоб. Ва ўбранні маладой вянчальным уборам быў самаробны або куплены вянок з зялёнай руты, барвінку ці мірту, з жывых ці сухіх штучных вошчаных ці папяровыхкветак. Ззаду да вянка прымацоўваліся разнаколерныя стужкі ці вэлюм. Каса ў маладой звычайна была распушчаная.

Пасля вянчання каса падбіралася пад галаўны ўбор, надзяваўся чапец, завязвалася намітка або хустка. У некаторых рэгіёнах правую або левую руку маладой перавязвалі ручніком, які не здымаўся на працягу ўсяго вяселля. Характэрнымі элементамі А. к. маладога былі світка, аўчынная шапка, упрыгожаная вяночкам з зеляніны ці чырвонай стужкай, шыйная хустка.

Маладым і дружкам прышпільваліся кветкі на грудзях. Асобныя знакі – ручнікі, павязаныя праз плячо, чырвоныя стужкі, галінкі з кветкамі, прышытыя да шапак, своеасаблівы галаўны ўбор вылучалі шафера, маршалка, свата і сваццю, дружак.

Атрыбутам А. к. старшага свата быў бізун і ручнік, павязаны праз левая плячо пад правую руку.. У пахавальных абрадах шырока ўжывалася традыцыйнае адзенне, а таксама спецыяльна падрыхтаваны святочны або вянчальны касцюм.

Мужчынам закладвалі за пояс нож, кашалёк з грашыма, у труну клалі шапку. Маладую дзяўчыну адзявалі як пад вянец. Адна з асаблівасцей А. к. каляднага, масленічнага перыяду – пераапрананне пад жывёл, персанажаў бытавога характару, “нячыстую сілу”.

У А. к. вясенне – летняга цыкла шырока выкарыстоўвалася разнастайная зеляніна. На купалле плялі і надзявалі на галаву вянкі з кветак і аржаных каласоў, “вадзілі куст” – дзяўчыну, упрыгожаную зялёнымі галінкамі, кветкамі, вянкамі.

Асаблівасць А. к. перыяду ўборкі ўраджаю – перавясла са жмені жыта, вянок з лепшых каласоў, кветак і траў. У сучасных звычаях і абрадах адначасова з аслабленнем або знікненнем рэліг. – магічнай сімволікі прыкметна павялічваецца значэнне эстэтычнай функцыі А. к.

У развіцці сучаснага А. к. з аднаго боку прасочваецца збліжэнне з традыцыйным гарадскім касцюмам, з другога – назіраецца арыентацыя на мясцовыя традыцыі мясц. культуры.

Суадносіны агульнасавецкіх і этнічных прыкмет у А. к. па – рознаму праяўляюцца ў розных рэгіёнах, сярод пэўных сацыяльных і прафесіянальных груп. Найбольшая стойкасць традыцый характэрна для сучаснага вясельнага і асабліва пахавальнага А. к. Маладую дзяўчыну і ў наш час хаваюць у вясельным касцюме.

Пры жалобе жанчыны надзяваюць чорны галаўны ўбор, часам – і чорныя панчохі, адзенне. Новыя А. к. створаны для арганізатараў абрадаў шлюбу, імянарачэння, пахавання.

Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/8413

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz