Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

АГАТУХА.

 

13/31. Пачатак Шчодрага тыдня, або Багатая Каляда, Васiльеўская Каляда. У заходнiм Палессi – шчодры вечар Куготы, Гаготы або Агатуха.

Паходжанне такога наймення вынiкае з абраду: кiдалi ў калодзеж кашу – вiдаць, гэта ахвяраванне культу вады, – тады ж гадалi i крычалi ў калодзеже: "Ку-гу-гу!".

З iншых крынiц "Агатуха" паходзiць ад дзеяслова "гагатаць" (весялiцца, смяяцца). Са шчодрым вечарам звязана шмат забарон, павер'яў i варажбы пра будучае замужжа.

Шчодрая (Шчадроўная, Другая, Мясная, Нiшчымная, Скаромная, Багатая, Тоўстая) куцця (Сярэднi Шчадрэц, Шчадруха) – абрадавая пераднавагодняя вячэра, якая вызначалася багаццем страў i iх скаромнасцю (тлустае, чаго нельга есцi ў пост).

 

Гаспадар запрашаў за стол: "Мароз, хадзi куццю есцi. А летам не бувай, хвастом не вiляй, бо будом пугаю секцi" (Лельчыцкi раён). Таксама называлi "куццёй святога козлiка".

На ўсе тры куццi (апошняя 18 студзеня) прыкмячалi, якое надвор'е вечарам: калi неба яснае i шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калi iдзе снег i мяцелiца, то будуць раi (Магiлёўская губерня; Дэмбавецкі, 1882).

Шчадравалi пад вокнамi i ў хатах, дзе славiлi гаспадароў. Вадзiлi "казу" ("кабылку", "вала", "тура", "мядзведзя", "жорава") i спявалi песнi, галоўнай з якiх з'яўлялася "Го-го-го, каза".

 

Шчадроўныя песнi адрознiвалiся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Хадзiлi па хатах i са Шчодрай – прыбранай дзяўчынай. Адзiн з нешматлiкiх дзён у народным календары, што амаль не зведаў хрысцiянскага ўплыву, захаваў дамiнуючы язычніцкi змест.

Культ вады, ахвяраванне гуся, пераднавагодняя куцця, варажба, Шчодра, ваджэнне "казы" – вось складаючыя язычніцкага святкавання.

Апошнi абрад, што мае магiчны сэнс, асаблiва характэрны i з'яўляецца стрыжнявым у днях зiмовага сонцастаяння, якi па ўяўленню даследчыкаў мог трансфармавацца ў познiм сярэднявеччы з сустрэчы Новага года ў сувязi з увядзеннем юлiянскага календара замест вiзантыйскага.

У маскоўскiм Стоглаве ўпамiнаюцца як "бясоўскiя iгрышчы" тры калядныя куццi (глава 92): "Еще же и пьянствомъ подобне же сему творятъ во дньхъ и въ навечерии Рождества Христова, и въ навечерии Василия Великаго, и въ навечерии Богоявления") (Сахараў, 1895).

У краінах Еўропы таксама папулярнымі вобразамі святаў, звязаных з Раством, з'яўляюцца певень, каза, свіння і інш.

Скандынаўскія народы выкарыстоўваюць ва ўпрыгожаннях ёлкі, у якасці падарункаў юлебокар (Julebockar – казёл) і юлегрызар (julegrisar – свіння), а таксама певень, голуб і інш. (КЗ, 1973. С. 110). Шырока распаўсюджана ў свеце маска каня.

 

Магчыма ў заходніх славян раней хадзілі з жывым канём. Пры ваджэнні «коніка» у Польшчы (Усходняя Мазовія) спяваюць: Dzie konicek nie chodzi, Tam zytko rodzi... А водзячы «казу» там жа -- Dzie koza chodzi, Tam zyto rodzi... (с. 225-226).

У Польшчы таксама вадзілі «туроня», «бацяна», «мядзведзя», «воўка», «арла», «пеўня», «вала», «барана». Існуюць розныя погляды на язычніцкую аснову гэтых персанажаў.

Калядныя святы ў Румыніі заканчваліся абрадам хаджэння дарослых з «казой», «аленем» і фантастычнай птушкай «brezooia» (с. 289). Супастаўленне ўкраінскіх і рускіх калядак, як сцвярджаюць даследчыкі У.Чычараў, А.Патабня, У.Пропп, уплыў царквы на іх, хрысціянізацыя, у велікаросаў была слабейшай, у маларосаў – больш моцнай (Пропп, 1963. С. 48).

Але па прызнанню таго ж Проппа, у рускіх вобраз казы, які несумненна больш арахаічны, захаваўся слаба, а «быў больш распаўсюджаны ў беларусаў» (с. 49).

Х. Яшчуржынскі выказваў думку, што абрад уяўляе « сімвалічнае ганараванне жывёльнага бога Велеса». Е.Карскі выказваў думку, што абрад ідзе ад «сатурскіх вобразаў язычніцкіх румалляў», запазычаны са Старажытнага Рыма пры дапамозе міміаў-скамарохаў.

Сучасную думку найбольш характэрна адлюстроўвае погляд У.Тапарова ў тым, што «Міфалагічныя ўяўленні аб казле падкрэсліваюць перш за ўсё яго выключную сексуальнасць (у прыніжаным выглядзе – пахатлівасць) і пладавітасць.

 

Адсюль яго сувязь з боствамі і іншымі міфалагічнымі персанажамі, якія ўвасабляюць гэтыя якасці, – літоўскім Перкунасам, славянскім Перуном, скандынаўскім Торам – аж да грамоўніка ў так зв. “Асноўным індаеўрапейскім міфе”, а таксама боствамі так ці інакш звязанымі з пладародзем, у прыватнасці з буйнай расліннасцю. Пушанам у індэйцаў...» (Міфы, 1991. С. 663).

(Аўтар Алесь Лозка).

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz