Асветніцка-адукацыйны сайт пра беларусаў

 ГЕРАДОТАВЫ НЕЎРЫ 

 ЛІЦЬВІНЫ-БЕЛАРУСЫ

СТАЯНКА ЮРАВІЧЫ

З энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”

Юравічы, група археалагічных помнікаў каля в. Юравічы Калінкавічскага раёна Гомельскай вобласці.

Паселішча -1 эпохі верхняга (позняга) палеаліту (26470 +,- 420 г). У цэнтры вёскі Юравічы на левым карэнным беразе р. Прыпяці, на паўднёва-усходнім схіле старажытнага яра, злучанага з далінай ракі. Вышыня над летнім межанным узроўнем вады ў Прыпяці 24-25 м. Адкрыў ў 1929 Ю.Ю. Попель, даследавалі ў 1929 і 1931 К.М. Палікарповіч (ускрыта 59 кв.м), у 1958-60 У.Дз. Будзько (122 кв.м), у 1976 У.П. Ксяндзоў (77 кв.м). Геалагічныя умовы залягання культурных рэшткаў ў розны час Л.М. Вазнячук, Г.М. Мірчынк, М.М. Цапенка. На думку некаторых даследчыкаў (Г.Ф. Мірчынк, Будзько), культурны пласт на глыбіні 8-9 м ад паверхні плато складаецца з 2 гарызонтаў, раздзеленых праслойкай суглінку. У ніжнім гарызонце выяўлены рэшткі авальнай пабудовы на фундаменце з валуноў, чарапоў, буйных плоскіх і трубчастых касцей маманта. Сабраны крамянёвыя прылады працы: вастрыі з прытупленным рэтушшу краем, скрабкі, пласціны-нажы, унікальны крамянёвы кінжал, нуклеусы. У верхнім гарызонце прасочаны рэшткі агнішчаў, выкладзеных камянямі і руіны моцна дэфармаваных жытлаў з касцей маманта, буйных камянёў і пліт валуннага паходжання. Паводле даследаванняў Ксяндзова, культурны пласт разбураны ў старажытнасці. У выніку уразання яра на ўсходнюю частку помніка культурныя рэшткі былі пераадкладзены ў базальны гарызонт і тоўшчу яравага алювію. Яны залягаюць у несартавальным пясчана-гравійным матэрыяле гарызонту марэны сярод шматлікіх валуноў і рознакаляровых аглееных пяскоў, якія ацалелі ад размыву. Культурныя рэшткі, што знаходзяцца ў заходняй частцы помніка, ў ходзе плоскаснага змыву перасунуліся ўніз па схіле ў паўночным напрамку. За гады раскопак знойдзены крамянёвыя бакавыя разцы, ножападобныя пласціны, вастрыі і пласцінкі з прытупленным рэтушшу краем, прылады с лускаватай падчоскай канцоў, скрабкі, адбойнікі, рэтушоры, нуклеусы, праколкі, вырабы з біўня маманта – абломак капалкі, пласцінка з геаметрычным узорам у выглядзе шасцівугольнікаў і зігзагаў, абломкі пласцін з паліроўкай і штрыхоўкай па ўсёй паверхні, касцяныя рэшткі маманта (15-20 маладых асобін), старажытнага быка, каня, пясца. Паводле арнаменту на косці помнік нагадвае Елісеевічы, паводле крамянёвага інвентару блізкі да помніка еўрапейскага позняга гравета. З’яўляецца адным з найстаражытнейшых помнікаў на Беларусі.

Паселішча -2 эпохі мезаліту. За 1-1,5 км на паўднёвы захад ад цэнтра вёскі, на пясчаных узгорках . З поўначы каля узгоркаў працякае рака Прыпяць. Паверхня пашкоджана выдзіманнямі, на месцы якіх прасочваецца пласт падзолу каля 0,3 м перакрыты праслойкай наноснага пяску да 1 м. адкрылі і абследавалі ў 1929-31 Палікарповіч і А. Дз. Каваленя, даследваў у 1960-65 У.Ф. Ісаенка. Культурны пласт 0,3 м прасочваецца на працягу 300 м. Знойдзена 71 крамянёвая прылада працы, 280 апрацаваных крамянёў. На дне выдзіманняў выяўлены рэшткі 4 агнішчаў. Датуецца 8-5 тысячагоддзямі да н.э.

Паселішча – 3 усходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры эпохі неаліта. За 1 км на захад ад вёскі, на заходнім беразе возера Ліцвін. Адкрыў і даследваў 180 кв.м у 1962-63 Ісаенка. Культурны пласт 0,2-0,3 м на глыбіні 0,3-0,5м. У паўночнай частцы раскопа ўскрыты рэшткі паўзямлянкавага тыпу (5*3,4 м) з цэнтральным апорным слупом. Заглыбленая частка жытла запоўнена культурным пластом з праслойкамі вуголля. Уваход у паўзямлянку верагодна, знаходзіўся у паўднёвай частцы, дзе выяўлена некалькі пераплаўленых камянёў і пляма попелу. Знойдзены крамянёвы нож і некалькі кавалкаў керамікі. За 4 км на захад ад жылля прасочана яма дыяметрам 2 м і агнішча памерам 2,5*1,8 м. З усходняга боку жытла выяўлена некалькі месцаў з абломкамі посуду. Усяго знойдзена 300 апрацаваных крамянёў, 650 фрагментаў ляпной керамікі да 35 вастрадонных гліняных гаршкоў.

Паселішча – 4 усходне-палескага варыянта днепра-данецкай культуры (позні неаліт) . За 200 м на Поўнач ад паселішча Юравічы -3. Выявіў і даследваў у 1962-66 Ісаенка. Ускрыта 570 кв.м. Каля наземнага жытла памерамі 4,6*4,8 м і рэшткаў 2 агнішчаў знойдзены абломкі ляпнога посуду, 700 апрацаваных крамянёў, 51 прылада працы (наканечнікі стрэл, праколкі), нажы , пласцінкі скрабкі, скоблі).

Паселішча – 5 усходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры. На паўночна-усходнім беразе возера Ліцвін, каля Дома адпачынку чыгуначнікаў. Памеры 80*20 м. Адкрыў у 1960 і даследаваў 142 кв.м у 1968-69 Ісаенка. Каля ўскрытага агнішча знойдзены абломкі больш 20 ляпных гаршкоў, 400 апрацаваных крамянёў, крамянёвыя трохвугольныя наканечнікі стрэл, трапецыі, скрабкі, скоблі, нажы з пласціні шырокіх адшчэпаў. Выяўлены таксама косці лася, каня, касулі.

Паселішча-6. У паўночнай частцы паселішча-4. Выявіў у 1962 Ісаенка, даследаваў у 1976 В.Б. Перхаўка. Прасочаны рэшткі 2-х жытлаў зрубнай канструкцыі пл. 17 і 20 кв. м, заглыбленых у зямлю. Посуд характэрны для банцароўскай культуры. Датуецца 6-8 ст. н.э.

Гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі. Магчыма старажытны горад, які называўся Межымосце ці Відолічы (цяпер назва вуліцы ў Юравічах). Размешчана на тэрыторыі калгаснага саду. Вышыня над далінай Прыпяці 30 м. Адна пляцоўка пл. каля 1 га умацавана падковападобным валам выш. да 6 м і ровам глыб. 4 м (дзядзінец), другая - пл. 5 га з боку поля ўмацавана валам (знесены) і ровам (засыпаны). Даследавалі ў 1931 А.М. Ляўданскі і Палікарповіч, у 1965 і 1975 Ісаенка. Культурны пласт 1 м. Выяўлены абломкі гаршкоў 10-13 ст., шыферныя прасліцы, вырабы з жалеза, наканечнікі ножнаў мяча, унікальная касцяная лыжачка са знакам Рурыкавічаў і стылізаванай выявай жывёліны на канцы. Частка посуду, кафля, плінфавая цэгла невялікіх памераў адносяцца да 15-16 ст., калі гарадзішча была адноўлена і з’яўлялася ўмацаванай сядзібай памешчыка. У культурным пласце пасада (каля падножжа ўзвышша) трапляюцца фрагменты гаршкоў, часам апрацаваныя косці, прасліцы з оўруцкага шыферу. Датуецца 10-13 ст.

Курганны могільнік дрыгавічаў 12-13 ст. На поўдзень ад гарадзішча , за ярам было 14 курганоў, захавалася 6 насыпаў вышынёй 1-3 м, дыяметрам 4-10 м. Даследвалі у 1931 Ляўданскі, ў 1959 і 1976 Ісаенка. У 4 раскапаных курганах пахавальны абрад – трупапалажэнне на гарызонце. Нябожчыкаў клалі ў дамавіны з дошак, змацаваных па вуглах цвікамі. Часам дамавіны абгортваліся бяростай. Пад насыпам аднаго кургана ў неглыбокай яме знойдзена парнае пахаванне мужчыны і маладой жанчыны. Памерлых звычайна клалі галавой на захад, адна старая жанчына пахавана галавой на усход. Сярод пахавальнага інвентару – фрагменты гаршкоў, сярэбраныя, пазалочаныя, інкруставаныя і сердалікія пацеркі, дрыгавіцкая сярэбраная філігранная пацерка “мінскага тыпу”, паўтараабаротныя кольцы, трохпацеркавыя завушніцы “кіеўскага тыпу”. На руках і нагах былі расплюшчаныя кольцы з дроту. Тры асобныя вялікія курганы размешчаны на усход ад вёскі, каля дарогі Юравічы – Хойнікі. Літ.: 171, 455, 458, 460, 617, 867, 919 - У.Дз. Будзько, У.Ф. Ісаенка.

Асветніцка-адукацыйны сайт

Сайт адкрыты грамадскай арганізацыяй "Звяз беларусаў Нямеччыны"

© wawkalaki

Сделать бесплатный сайт с uCoz