СТАЯНКА ГРЭНСК
(Энцыклапедыя “Археалогіі і нумізматыкі Беларусі”)
ГРЭНСК, стаянка ранняга мезаліту (10-8 тыс. г. таму назад) каля в. Ворнаўка Кармянскага раёна. За 2 км на У ад вёскі, на ўсход. ускраіне астанца першай надпойменнай тэрасы правага берага р. Сож ва ўрочышчы Грэнск, на вышыні 6-7 м над межанным узроўнем вады. Выявіў у 1927 К.М. Палікарповіч, даследваў 90 кв.м у 1959-61 У.Дз. Будзько. Знойдзены 708 прылад працы, вылучана 2 культурныя пласты. Ніжні на глыб. 1,9-2 м утрымліваў вялікую колькасць расшчэпленага крэменю, драўлянага і касцянога вугалю вакол круглявага агнішча, абкладзенага камянямі. У раскопе выяўлены рэшткі двух агнішчаў. Знаходкі верхняга пласта на глыб. 0,6-1,3 м прадстаўлены лінзамі драўнянага вугалю і крамянёвымі вырабамі. На думку даследчыка, ніжні культурны пласт датуецца сярэднім дрыасам (12300-11800 г. таму назад), а верхні – аляродскім часам (11800 – 10800 г. таму назад). У 1972-81 г.г. стаянку даследваў В.Ф. Капыцін, раскапана 380 кв.м. Культурны пласт 0,2-0,5 м. у выніку даследвання атрымана калекцыя крамянёвага інвентару, зроблены вывад пра памылковае вылучэнне 2 культурных пластоў.
Знойдзены тронкавыя і асіметрычна тронкавыя (грэнскі тып) наканечнікі стрэл, вастрыі, праколкі, рэтушныя, двухгранныя і вуглавыя разцы, канцавыя, падакруглыя, двайныя, адзінкавыя пазногцепадобныя, стральчатыя і нуклеусападобныя скрабкі, вырабы з выемкамі, прылады, якімі секлі, адбойнікі. Знаходка вялікай колькасці нуклеусаў, пласцін, адшчэпаў і дробных асколкаў сведчыць пра тое, што апрацоўка крэменю адбывалася на самім паселішчы. Ад назвы стаянкі Грэнск атрымала назву Грэнская культура. Літ.: 170, 172, 568, 575, 578, 847. В.Ф. Капыцін.
Вынікі археалагічных раскопак сведчаць, што засяленне тэрыторый у басейне ракі Сож адбылося са старажытных часоў. Пры правядзенні раскопак поруч вёскі Струмень быў знойдзены каменны нож, узрост якога ацэньваецца ў 17-18 тыс. гадоў. У пасляледавіковы перыяд (10-14 тысячагоддзяў назад) на Пасожжы жылі плямёны, якія стварылі грэнскую культуру. Назву гэтай культуры даў археалагічны помнік ва ўрочышча Грэнск, размешчаны каля вёскі Ворнаўка Кармянскага раёна.