СТАЯНКА ДАЛЬНЯЕ ЛЯДА
(Энцыклапедыя “Археалогіі і нумізматыкі Беларусі”)
ДАЛЬНЯЕ ЛЯДА, стаянкі каменнага веку каля в. Дальняее Ляда Быхаўскага раёна.
Стаянка-1. На ўсходн. ускраіне вёскі, на 2-й надпойменнай тэрасе Дняпра. Выявіў у 1966 В.М. Мотуз, абследаваў у 1972 г В.Ф. Капыцін. Культурны пласт 0,2 м. У агаленні правага берага ракі і траншэі ваеннага часу знойдзены расшчэплены крэмень, кароткія скрабкі, пласціны, адшчэпы, нуклеусы.
Стаянка -2 грэнскай культуры ранняга мезаліту. За 500м на Пд ад вёскі, 120 м на У ад дарогі Магілёў – Быхаў на 2-й надпойменнай тэрасе правага берага Дняпра, 12 м над узроўнем вады. Большасць плошчы узарана. Адкрыў у 1972 і даследаваў 116 кв.м у 1973 і 1988 г.г. Капыцін. Культурны слой залягае пад пластом дзірвану на глыб. 0,3-0,5 м у пяску.
Выяўлена каля 6 тыс. прадметаў крамянёвага інвентару (нулеусы, пласціны, адшчэпы, некаторыя з рэтушшу). У межах раскопу выяўлены рабочыя месцы па апрацоўцы крэменю (больш 100 артэфактаў на 1 кв.м), шмат прылад для апрацоўкі косці, скуры і дрэва, скрабкі канцавыя, разцы рэтушныя і двухгранныя, сякеркі з перахватам і авальныя, вырабы з выемкай. Сярод паляўнічых прылад тронкавыя наканечннікі стрэл (некаторыя з рэтушшу на краі пяра), разнастайныя вастрыі, нажы. З’яўляецца стаянкай-майстэрняй першаснай апрацоўкі крамянёвай сыравіны. Літ.: 567, 572. В.Ф. Капыцін.