БЕРДЫЖ
З энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”
БЕРДЫЖ – група археалагічных помнікаў каля вёскі Бердыж Чачэрскага р-ну.
Паселішча -1 эпохі верхняга палеаліту. За 3 км на Пд ад вёскі, за 0.5 км на Пд ад ад вёскі Падлужжа, ва ўрочышчы Калодзежкі, на паўднёвым пакатым схіле яра, урэзанага да цокаля другой надпоплаўнай тэрасы правага берага р.Сож. Прыдалінны ўчастак шырынёй на месцы паселішча 150-200 м над летнім межаным узроўнем вады ў рацэ. Адкрыў ў 1926 г К.М. Палікарповіч, даследвалі у 1927 г. С.М. Замятнін, у 1928-29 , 1938-39 г.г. Палікарповіч, у 1958-60. 1967, 1969, 1970 г.г. У.Дз. Будзько, у 1971 г. А.Г. Калечыц, раскапана 380 кв. м плошчы. Культурны слой 0,3-0.7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў і 5 гаспадарчых ям, у будаўніцтве якіх выкарыстоўвалі чарапы, буйныя плоскія і трубчатыя косці маманта і іншых жывёл. Першае жытло размешчана ва ўсходняй частцы паселішча, уяўляла сабой авал параметрам 5,5 на 4,5 м, заглыбленае ў мацярык на 0,5-0,6 м, на вонкавым краі якога размешчаны 13 чарапоў маманта, паміж імі прасочаны рэшткі сценак. У цэнтры жытла былі рэшткі адкрытага агнішча. Другое жытло размяшчалася на паўднёва-захад ад першага, уяўляла сабой паўавал з параметрам 7,5 на 4 м (абследавана паўночная частка жытла). Для пабудовы фундамента выкарыставана 10 чарапоў і больш за 40 трубчатых і плоскіх касцей мамантаў. Трэцяе жытло размяшчалася на паўднёва-захад ад другога, уяўляла сабой падоўжаны авал параметрам 11,5 на 5,5 м, сцены якога утваралі плоскія косці, пастаўленыя вертыкальна, і трубчастыя косці, пакладзеныя адна на адну гарызантальна або пастаўленыя вертыкальна. Падпоркамі для іх служылі чарапы маманта. У сярэдзіне жытла было адкрытае агнішча памерам 2 на 1,6 м. Чацвёртае жытло размяшчалася на поўнач ад трэцяга авальнай формы, параметрам 8 на 4,5 м, было складзена ў асноўным пастаўленымі вертыкальна плоскімі касцямі маманта, а таксама спалучэннямі трубчастых касцей з чарапамі. Гаспадарчыя ямы дыяметрам 2,4 на 3 м, глыбіной 0,6-0,8 м выкапаны ў мацярыку ніжэй дзённай старажытнай паверхні, абкладзены буйнымі касцямі мамантаў. Зверху накрыты біўнямі. На паселішчы знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў з бакавой выемкай, бакавыя, сярэдзінныя і вуглавыя разцы, нажы касцёнкаўскага тыпу, скрабкі, пласціныкі з прытупленым рэтушшу краем, вастрыі тыпу гравет, рэтушоры, адбойнікі, нуклеусы, прылады сякерападобных форм і інш. Знойдзены пласціны з біўня маманта з геаметрычным арнаментам касцёнкаўска-вілендорфскай культуры. Паселішча адно з самых старажытных на Беларусі, яго ўзрост – 27-25 тыс. год. Абсалютнае датаванне: першае 23430+ (-) 180, другое 24000 г. назад; помнік адносіцца адносіцца да касцёнкаўска-вілендорфскай культуры.
Паселішча -2 . За 0,5 км ад вёскі ва ўрочышчы Кокаўня. Адкрыў у 1926 г. і абследваў ў 1978 г. Калечыц. Культурны пласт на дзюнападобным узвышшы ў агаленнях 0,15 м прасочаны на плошчы 150 кв.м. знойдзены крамянёвыя нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрэблы, ромбападобны наканечнік стралы, фрагменты ляпной керамікі эпохі неаліту і бронзавага веку.
Курганны могільнік радзімічаў. За 0,1 км на З ад вёскі. Каля 50 насыпаў вышынёй 1-2,5 м, дыяметрам 8-9 м. Адкрыў ў канцы 19 ст. Е.Р. Раманаў, абследвалі ў 1928 г. Палікарповіч, у 1976 г. М.А. Ткачоў. Палікарповіч ускрыў 3 курганы. У 2 выяўлены пахаванні на гарызонце, у адным – у падкурганнай яме. Датуецца 10-13 ст.ст. Літ.: 169, 172, 919. У.Дз. Будзько, М.А. Ткачоў
БЯРДЫШ
З энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”
БЯРДЫШ – старадаўняя халодная зброя ў выглядзе сякеры з адным лязам у форме паўмесяца (даўжыня 0,4-1 м) з доўгім драўляным дрэўкам (даўжыня 1,8-2.0 м). Адсутнасццю вострага кап’я Бярдыш адрозніваўся ад алебарды. Вядомы ў краінах Старажытнага Усходу, у 15 –пач. 18 ст. – па ўсёй Еўропе. Бярдыш масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гарадской варты і брамнікаў. З укарочаным і патоўшчаным дрэўкам Бярдыш (з 1674 г у войску Рэчы Паспалітай) выкарыстоўваўся як сякера для пабудовы драўлянай агароджы ваеннага лагеру, стварэння лясных засек, завалаў і інш. Бярдыш знойдзены ў Мінску, Брэсце, Мядзеле, Гродне і іншых гарадах. У Расеі 16-17 ст.ст. ім былі ўзброены пераважана стральцы, якія насілі Бярдыш на рамяні за плячымі. Бярдыш служыў таксама падстаўкай –фаркетам для вядзення агню з агнястрэльнай зброі. Літ. 526, 1423. М.А. Ткачоў
(Г.А.: Хачу звярнуць вашу увагу на назоў беларускай вёскі і назоў баявой сякеры. Гэта адно і тое ж. А цяпер звярніце увагу на той факт, што на старажытным паселішчы была знойдзена сякерападобная прылада якая мае узрост -27-25 тысячаў год. Слова алебарда адбылася ад двух слоў але барда (бярдыш).