СТАЯНКА КАРОМКА
(Энцыклапедыя “Археалогіі і нумізматыкі Беларусі”)
КАРОМКА, стаянка ранняга этапу грэнскай культуры (12-10 тыс. год таму назад) каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобласці. За 4 км на Пн. ад вёскі ва ўрочышчы Каромка. Займае участак 2-й надпойменнай тэрасы правага берага Дняпра пры ўпадзенні ў яго безназоўнага ручая . Выш. над летнім межанным узроўнем вады ў рацэ 16-17 м. Адкрыў ў 1893 годзе В.Я. Данілевіч, абследванне помніка і збор пад’ёмнага матэрыялу праводзілі К.М. Палікарповіч, У.Дз. Будзько, У.Ф. Ісаенка, І.М. Ціханенкаў, А.Г. Калечыц. У 1972-73 г.г., 1990 г. В.Ф. Капыцін раскапаў 330 кв. м. Культурны пласт 0,3-0,4 м, яго верхняя частка разбрана працяглым разворваннем. Знаходкі трапляюцца ўздоўж броўкі тэрасы працягласцю да 1 км пры шырыне 100-150м.
Знойдзены крамянёвыя канцавыя, падакруглыя, двухгранныя, на зломе пласцінак разцы, тронкавыя і асіметрычныя (грэнскі тып) наканечнікі стрэл, сякеркі з перахватам, пласцінкі з прытупленым краем і інш. Побач з імі трапляюцца дробныя, старанна вырабленыя прылады для апрацоўкі косці, рога, дрэва і скуры. Гэта шматлікія вастрыі з тонкім рэжучым канцом, невялікія праколкі з кароткім ляззам, сячэнні пласцін-укладышаў, вырабы з выемкамі, разнастайныя камбінаваныя прылады . Знаходкі шматлікіх прадуктаў расшчаплення крэменю (дробныя асколкі, лускавіны, адшчэпы, пласціны, нуклеусы) сведчаць пра тое, што апрацоўка крэменю адбывалася на стаянцы. Літ.: 170, 294, 464, 919. В.Ф. Капыцін