СТАЯНКА БАБРОВІЧЫ
З энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”
БАБРОВІЧЫ – паселішча каменнага веку каля в. Бабровічы Івацэвіцкага р-на.
Паселішча -1 канца палеаліту і эпохі позняга палеаліту і мезаліту. На паўночна-ўсходнім беразе воз. Бабровіцкае, на марэнным узгорку “Востраў”. Вышыня 3-4 м над узроўнем вады, даўжыня каля 200 м. Выявіў у 1963 г. і абследваў ў 1989 г. Н.В. Шаблюк. Знойдзены 6 вогнішчаў, абкладзеныз камянямі. Вакол іх сабрана больш за 100 крамянёвых прылад працы і каля 600 апрацаваных крамянёў: лістападобныя наканечнікі стрэл, свярдзёлкі і сярэдзінныя праколкі з пласцінак з бакавой ратушшу, папярочна ратушаваныя разцы, масіўныя канцавыя скрабкі, скоблі свідэрскай культуры. Трапляюцца таксама тыповыя для макралітычнай культуры грубыя разцы і скрабкі, прылады, якімі секлі, цёслы, міндалепадобныя сякеры або разакі, вастрыі яніславіцкай культуры. Датуецца 10-6-м тысячагоддзямі да н.э.
Паселішча-2. На паўночна-заходнім беразе возера Бабровіцкае, на пясчаных раздувах ва ўрочышчах Вяда і Тупічы. Выявіў і даследваў у 1971 г. Ісаенка, у 1989 г. даследвалі Н.В. Шаблюк і В.У Шаблюк. Культурны пласт да 0,25 м. Знойдзены канічныя і двухпляцовачныя нуклеусы свідэрскага тыпу, канцавыя скрабкі з высокіх пласцінак, вуглавыя і сярэдзінныя разцы (пераважна на краях зламаных пласцінак), скоблі, 4 тронкавыя наканечнікі стрэл 8-6-га тысячагоддзяў да н.э., выяўлены таксамафрагменты бытавой керамікі, зялёнапаліванай кафлі, шкляны посуд, металічныя ключ, долата, скоблі, цвікі 15-18 ст.ст. Літ.: 460 У.Ф. Ісаенка, Н.В. Шаблюк